НЕВЯДОМАЕ ПАЎСТАННЕ 1863. Частка 1. Катэгорыі "вінаватых" паўстанцаў

 Напрацягу апошняга месяца 2013 года я буду штодня выкладаць па аднаму пасту, прысвечанаму паўстанню 1863-1864. Гэта будуць тэксты, пабудаваныя як на матэрыялах Нацыянальнага гістарычнага архіва Беларусі ў Гродна, скарбніцы ведаў, незаўсёды вядомых нават вузкім спецыялістам, так і зборнікаў дакументаў, артыкулаў, кніжак і манаграфій, выдадзеных іншымі навукоўцамі, ды пісьменнікамі, успамінаў, фотаздымках, мастацкіх творах, меркаваннях... Напрыканцы падвяду высновы года, якімі мне бачацца гэтыя 150-я ўгодкі Паўстання.
Нягледзячы на тое, што назва цыкла можа падацца занадта "газетнай" і "збітай", хачу пазначыць, што "невядомым" я назваў гэтае паўстанне менавіта для сябе, і спрабую акрэсліць яго вобраз ды зразумець для сябе самога. Навязваць Вам сваё бачанне не магу, паколькі лічу, што самае надзённае з прыроджаных чалавечых правоў - права на асабістае, самастойна сфармуляванае меркаванне па любым пытанні, якое нас датычыцца.
Чытаць ці не чытаць - Ваш выбар. Аднак думаю, што нават для дасведчаных тут будзе шмат цікавага.

Расейскія судовыя інстытуты не былі гатовыя весці настолькі велізарную працу, якая іх паглынула з пачаткам паўстання 1863 года. Гэта вяло не толькі да блытаніны ў дакументах, але стварала магчымасці для нядобрасумленнага разгляду матэрыялаў, і як вынік - шмат людзей, якія былі абвінавачаныя па даносах ва ўдзеле ў паўстанні апынуліся ў Сібіры, насамрэч не маючы да іх ніякага дачынення, некаторыя ж увогуле былі несправядліва пакараныя смерцю.

З пачаткам паўстання ў Царстве Польскім ў ноч з 21 на 22 студзеня 1863 года (з 2 на 3 лютага па новым стылі) пачаліся і судовыя працэсы над яго ўдзельнікамі, патрапіўшымі ў рукі расейскіх уладаў.
Ужо ў першы дзень паўстання ў Аўдытарыяцкі дэпартамент паступіў першы рапарт намесніка вялікага князя Канстанціна ваеннаму міністру з прысудамі па ваенна-суднай справе аб сямі асобах, якія мелі намер уступіць у паўстанцкі атрад.
Аднак расейскія ўлады не былі гатовыя да таго патоку матэрыялаў, якія патрэбна было збіраць і сістэматызаваць па меры пашырэння паўстання. У выніку новыя справы на ўдзельнікаў паўстання перамешваліся са справамі крымінальнага характару. Асабліва гэта ўскладнілася з развіццём паўстання ў Беларусі, Літве і Украіне.
14 (26) студзеня імператар Аляксандр ІІ выдаў рэскрыпт аб ваенных судах над паўстанцамі. Для вызначэння ступені вінаватасці паўстанцаў пачалі стварацца спецыяльныя камісіі. У рэскрыпце імператара агаворвалася, што схопленыя кіраўнікі паўстанцкіх атрадаў павінны ісці пад ваенна-палявы суд, прысуды ж над імі зацвярджае або ваенны губернатар, або начальнікі дывізій. Прысуд павінен выконвацца неадкладна. Таксама кіраўнікі расейскіх атрадаў, якія вялі баявыя дзеянні, атрымоўвалі права зацвярджэння прысудаў у адносінах схопленых імі паўстанцаў.
Аднак на практыцы ўсё гэта дрэнна працавала і дакладная неакрэсленасць паўнамоцтваў шматлікіх начальнікаў розных інстанцый забюракратызаванага механізма Імперыі прыводзіла да пашырэння тэрору з боку расейскіх улад у адносінах мірнага насельніцтва. Драбнюсенькае падазрэнне ў дапамозе паўстанцам прыводзіла да арышту. Гэта вяло да шырокай культывацыі пачуцця страху перад уладаю і выклікала ўсплёск актыўнасці самых цёмных бакоў чалавечай душы, калі можна было абвінаваціць у дапамозе паўстанню любога: суседа, канкурэнта, ды проста чалавека, які табе не падабаецца. Запляміць чалавека лёгка, а вось даказаць сваю невінаватасць - гэта патрабуе вялікіх высілкаў. Улады, такім чынам, самі падштурхоўвалі грамадства да ўдзелу ў паўстанні.
У выніку са штаба камандуючага войск Віленскай вайсковай акругі генерал-губернатара Назімава 3 (15) сакавіка 1863 г. выйшаў цыркуляр [НГАБ у Гродна, Ф.1, Воп. 34, Спр.170, арк.7]:
"Предлагаю отрядным и военным начальникам, а равно начальникам губернии при делании распоряжений об арестовании обвиняемых лиц, снабжать на основании 129 ст 2 книги военно-уголовного устава, - посылаемых офицеров и чиновников письменным приказом, в котором должно быть означено, кого именно и за что следует арестовать, без приказа же никого, ко взятию обвиняемых не посылать, и вообще в делах сего рода строго руководствоваться статьями 79, 137 и 138 сказанного устава и статьями 275-280 и 282-87 уложения по наказаниям уголовных и исправительных (изд. 1857 года).
Выписка этих законов при сем прилагается:
Военно-уголовного устава (изд. 1859 года)
Книги 2 ст. 79 Если кто либо из офицеров и чиновников, или людей гражданских высших званий, доносить будет по преступлениям государственным означенным в стат. 275-280 и 282-287 уложения о наказаниях (изд. 1857 года), не представя доказательств, и при первом допросе в том утвердится, того тотчас под крепким караулом, для исследования отсылать к начальству, которому подведом, и до воспоследования от оного разрешения, отнюдь не брать под караул, и подозрительными не почитать тех, на которых донесено будет.
Статья 137 Брать кого либо для допроса и исследования надлежит только в таком случае, когда улика в преступлении основана на обстоятельствах, возбуждающих сильное подозрение.
Статья 138 Улики надлежит рассматривать со всевозможною осмотрительностью, под опасением взыскания, в пользу обложенного, бесчестия и причиненных ему убытков, если он взят будет беззаконно и недельно".

Па меры развіцця паўстання колькасць яго ўдзельнікаў у руках царскіх уладаў імкліва павялічвалася. Следча-судовыя камісія апынуліся ў складаным становішчы. Сітуацыя пагаршалася яшчэ і тым, што ўдзельнікі гэтых камісіяў былі з афіцэраў палкоў, якія вялі баявыя дзеянні з паўстанцамі. Як следства - праца камісіяў напачатку была неэфектыўная.

Першапачаткова палонныя паўстанцы падзяляліся на дзве катэгорыі ў залежнасці ад ступені вінаватасці. Але сваё дакладнае адлюстраванне карніцкая палітыка царызма па-сапраўднаму знайшла ў зацверджаных  11 (23) траўня 1863 імператарам правілах аб парадку асуджэння ўдзельнікаў паўстання. Паўстанцы дзяліліся на 5 катэгорый "вінаватасці":
1. Кіруючыя дзеячы паўстання, удзельнікі паўстанцкай адміністрацыі, ваеннаслужачыя царскай арміі, якія перайшлі на бок паўстанцаў;
2. Паўстанцы і саўдзельнікі з ліку заможных абшарнікаў, асоб духаванства, негацыянты, дактары, настаўнікі, чыноўнікі;
3. Сяляне, мяшчане, рамеснікі;
4. Асобы, якія садзенічалі паўстанню матэрыяльнымі сродкамі,
5. Паўстанцы, якія з'явіліся да расейскіх улад з раскаяннем.

У аснову правілаў былі пакладзены склад злачынства і саслоўная прыналежнасць (у першую чаргу накіраваныя супраць шляхты), але не выключалі аднясення прадстаўнікоў розных саслоўяў да любой з пералічаных катэгорыяў, калі гэтага патрабавала небяспека "складу злачынства", або следча-судовыя органы палічылі, што падсудны заслугоўвае ласкі.

1-я і 2-я катэгорыі: асобы перадаваліся ваенна-палявому суду і прыгаворваліся да смяротнага пакарання, катаржных працаў або ссылцы ў Сібір на пасяленне;
3-я катэгорыя: ссылаліся ў меньш аддаленыя раёны Сібіры на жыхарства або ў арыштанцкія роты грамадзянскага ведамства ад 1 да 5 гадоў. Але на практыцы асобы трэцяй катэгорыі часцей пасяляліся па месцы жыхарства;
4-я катэгорыя: тое ж, што і ў 3-й, але "правілы" дазвалялі камандуючым ваенных акругоў права прымяняць да такіх асоб адміністратыўныя спагнанні;
5-я катэгорыя: сяліліся на месцы свайго жыхарства пад нагляд паліцыі.

З каторкага выкладання зместу "правілаў" няцяжка пабачыць значэнне саслоўнага паходжання пры вызначэнні меры пакарання паўстанцаў і імкненне зменшыць цяжар адказнасці ў адносінах да сялянства і мяшчанства, каб абмежаваць іх удзел у паўстанні. Асноўная мэта гэтага дакумента складалася ў палягчэнні дзейнасці ваенна-судовых і следчых камісіяў, а таксама садзейнічаць больш хуткаму разгляду справаў аб удзельніках паўстання.

Комментарии