ДЗЁННІК ПАРТЫЗАНА. ЧАСТКА 7 (АПОШНЯЯ)

25.09.13 Прачынаўся некалькі разоў, пераводзіў на тэлефоне час пабудкі, ды дрыхнуў далей да 6:44. Потым разбуджаны Давыдавічам прачнуўся і пайшоў умывацца. Перад сняданкам прыйшоў палкоўнік К. і сказаў выказаць свае рэкамендацыі наконт нашага падраздзялення.
Потым сняданак: макароны з тушонкаю, плюс белы хлеб са згушчонкаю. Таксама папрасіў банку ад згушчонкі, у якую наліў гарбату. Файна было.
Пасля сняданка прыйшоў старлей, які прыйшоў да нас развітацца, паколькі разам з нашаю машынкаю едзе ў эпіцэнтр вучэння.
Генадзь прыйшоў і паведаміў, што таварыш Ш. сказаў: выезд з палігона ў 10 гадзін 27-га. Пасля гэтага прыйшоў ужо сам падпалкоўнік Ш. і паставіў нам новую задачу, чым мы ўсім калектывам і займаліся. Пасля таго ж як нашу працу праверылі і кіраўніцтву яна спадабалася, мы адправіліся баінькі.
Я падняўся перад самым абедам. Абед: суп з капусты, пярлоўка з кансерваванымі буракамм, гарбата, тры кавалкі белага хлеба і грам 170 апельсінавага соку.
Еў і назіраў, як аса, якая ўвесь час намагалася сесці мне на галаву, супакоілася, знайшоўшы некалькі кропель пралітай гарбаты і пачала яе піць, склаўшы крылцы і апусціўшы свае антэны-вусы. Апошнія пару дзён увогуле ў лагеры шмат восаў. Дзіўна - такая дубарына, а яны яшчэ летаюцьу пошуках ежы.
Вярнуліся. Хто стаў працаваць, а хто так - час забіваць. Я з Аляксеем заняўся выкананнем чарговай задачы, пасля чаго шпіліў з Давыдавічам у шашкі. Па разу выйгралі адзін у аднаго ды некалькі нічыіх.
Вячэра: грэчка, кавалак сала, гарбата, узяў два кавалкі белага і адзін чорнага хлеба, плюс лыжка згушчонкі.
Як толькі памыліся, патэлефанаваў спадар Ш. і паведаміў, што да нас зараз прыйдзе палкоўнік К. Хутка сабраліся і апрануліся.
Прыйшоў таварыш К. і павіншаваў нас за добра выкананую працу, падараваўшы нам, свайму баявому "спецназу", невялічкія падарункі з сымболікай вучэння ды па грамаце з падзякаю. Кожнаму выказаў цеплыя словы павагі. Мне сказаў: добра, што е людзі, якія ўжываюць беларускую мову ў паўсядзённым жыцці.
Потым пайшлі здаваць пісцікі, якія было вельмі шкада аддаваць, таму што я ўжо паспеў да свайго прызвычаіцца.
Па вяртанні ўбачылі, што спадар палкоўнік яшчэ тут, побач з нашай палаткай. Ен яшчэ раз пажадаў нам усяго найлепшага і папрасіў адысці мяне ў бок. Пачаў распытваць мае асабістыя адносіны да таго, што я пабачыў. І хоць, як ен сказаў, "мы стоим на разных политических платформах", спадзяецца, што я не адчуваў зняважлівых адносінаў. Я сказаў, што на палітыку мне пляваць, галоўнае - развіцце беларускай культуры, нашай мовы. Спадзяюся, што сітуацыя да мовы будзе з часам толькі паляпшацца і мне спадабаліся ў большасці адносіны ў войску да роднай мовы. Аднак есць прыклады, кшталту спадара С., якія выклікаюць толькі шкадаванне, паколькі ен служыць нашай краіне, а ставіць пад сумніў само існаванне нашага народа. Але нягледзячы на такое асабістае стаўленне, я адзанчыў веды таварыша С., сказаўшы, што я з тым быццам аверс і рэверс аднаго медаля. Таксама выказаў жаданне прыняць удзел у наступных зборах.
Потым сабраліся на другую вячэру і адзначылі гэткую падзею. Прыемна на душы і сэрцы, што ў нашай арміі ёсць такія людзі як старлей В., старшына Ж., маёры М. і Г., падпалкоўнік Ш., які турбаваўся за нас разам з нашым маёрам Т. і якому праз пару дзён будзе ўжо 45, ды нават падпалкоўнік Г., а таксама палкоўнік К.
26.09.13 Прачнуўся. Дубак мацнейшы - ноччу буржуйка заставалася некалькі рахоў без дроў. Пайшоў мыцца і ледзьне ператварыўся ў лед. Затое адразу прачынаешся. Вярнуўся, а ўсе без выключэння ляжаць, прыкрыўшыся хто чым на ложках. Я пачаў закідваць печку да самага верху.
Сняданак з аднаразовага посуду: пярлоўка з некалькімі даволі нармульнымі кавалкамі тушняка, гарбата ды булка са згушчонкаю. Расказаў маеру Танакову пра некалькі даволі добранькіх кавалкаў тушнячка, якія мне патрапілі. Гэта і зразумела, адказаў ен, паколькі тушняк мае такую якасць – спускацца на самы ніз тары, з якой накладаюць нам кашу, і вось чаму ен, ды астатнія, хто служыў ходзіць значна пазней у сталоўку. Шкада, канешне, што пра самае галоўнае я даведаўся толькі зараз.
Прылег і прадрымаў да 10-ці. Прачнуўся, а лагер у тумане, скрозь які ўсё роўна заўважаюцца прыкметы хуткага ад’езду. Збіраюцца па-ціху: частка палатак ужо разабрана, дзе-нідзе ляжаць матрасы з ложкамі ды буржуйкамі і трубамі ад іх. Прышоў Жэня і раздаў чатыром з нас старшынства на чатырох машынах. Парубалі трохі дроў, каб дакладна на ноч хапіла. Потым хлопцы ўзяліся разбіраць вучнеўска-працоўную нашую палатку.
У палатцы зноў цепла. Маер Р. узгадаў, як адной з зімаў падчас збораў, калі адзін са старшын распрануў істопніка да пояса і не дай толькі старшыне будзе холадна.
Прыйшлося і мне далучыцца да разбору палаткі. За гадзіну ўсе разабралі і ўсе паадносілі да машыны. Потым трохі пасядзелі і паглядзелі вайсковыя відосы на ноўце. Прыкольна выглядала пераправа праз Неман па наведзеным пантонным мосце калонны з бээмпэшак. Пры набліжэнні самалетаў раздалася каманда пусціць дым і здаровы кавалак ракі запоўніўся непрагляднаю дымкаю і бээмпэшкі пачалі перапраўляцца па мосце ў дымцы. Толькі было бачна як яны выходзяць у некалькіх дзесятках метраў ад берага. Таксама сцебны відос з пераправаю бээмпэшак па вадзе.
Абед: суп з бульбы, макарон і тушняка, якога нават вылавіў кавалак; грэчневая кашка - даволі прыемная сваей мяккасцю, таму звярнуўся і за дабаўкаю, плюс два кавалачкі чорнага і два кавалкі белага хлеба да гарбаты.
Пасля абеду баінькі. У 14.20 раздаліся першыя стрэлы на палігоне. Потым яшчэ праляцелі дзве пары верцікаў, пабарабаніў Град і зноў усе сцішылася.
Цяжка паверыць, што такім чынам побач з намі адбываецца такая важкая падзея, а мы сядзімо ў палатцы і хто што робіць.
Паглядзеў фільм "Гагарын: першы ў космасе". Спадабаўся. Вельмі эмацыйны. Не думаў, што рускія могуць такое кіно зняць. Некалькі разоў вочы макрэлі. І ў канцы важкія словы наконт таго, што жыцце Юрыя Аляксеевіча дзеліцца на дзве часткі: безупыннае імкненне да спаўнення сваей мары, яе дасягненне як глыток абсалютнай волі і пасля эгаістычная любоў мільенаў, умяшальніцтва ў яго жыцце і немагчымасць належыць сабе.
Вячэралі на вуліцы, паколькі палатку БХД ужо сабралі. Сталы ў лесе як у якім кафэ "шантан". Файны рыс з тушонкаю, якога апрыходваў і дабаўку, плюс гарбата з белым хлебам і згушчонкаю.
Затым вярнулася нашая машынка. Прыйшоў Серы і сказаў, што трэба ісці яго камуфліраваць. Такі паварот падзей не надта мяне і Пятра ўзрадаваў, паколькі ранкам трэба было б здымаць гэтыя маск-сеткі. Але гэта быў толькі сцеб і насамрэч нам трэба было толькі закінуць сеткі на кабіну машыны. Зразумела, трохі пакалупаліся з гэтым, але затым настаў час другой вячэры. Апошняй на нашых зборах.
Заснулі пасля гадзіны, таму што ўжо ў 5:30 павінен быць пад'ем і трэба будзе пачаць збірацца зу усімі сваімі рэчамі. На 10 раніцы прызначаны ад'езд. У 6:20 павінны адключыць ваду, у 6 прызначаны пачатак сняданку. Паглядзімо, што будзе ранкам. Але апошні вечар атрымаўсч сардэчным.

27.09.13 Прачнуўся ў пяць. Але толькі закрыў вочы як адно імгненне спаліла адразу 20 хвілін. Адкрыў вочы і ўбачыў пачатак руху ў палатцы. Падняўся ды накіраваўся мыцца, пакуль яшчэ не забралі ўмывальнікі. На вуліцы здавалася не так ужо і холадна. Але гэтае падманлівае пачуцце знікла разам са струменем халоднай вады. Калі вярнуўся ў палатку, наш часовы прытулак ператварыўся ў вакзал, дзе на ложку кожнага набралося торбаў ды скручаных матрасаў, да якіх ці на якія былі пакладзеныя сабраныя вузялкі бялізны.
Я сабраўся яшчэ з ночы, чаму быў цяпер бязмеры рады. Заставалася толькі скруціць матрас з коўдраю і падушкаю ды сабраць бялізгу, што і зрабіў за некалькі хвілін. Пасля чаго апрануўся па-ваеннаму і разам с Пятром і Серым пацягнуліся ў бок прымеркаванага месца збору. Аднак нашыя зборы пачаліся не ў прызначаны час. Хвілін 20 салдаты сцягвалі розныя пакункі да двух мазаў.
Аказалася, што спачатку трэба прынесці металічныя ложкі, а ўжо пасля разбірацца з астатнім. Пайшлі за ложкамі. Прынеслі і закінулі ў кузаў. Зноў сталі чакаць працягу. Наступнымі сталі закідваць матрасы. Толькі матрасы. Усе астатняе заставалася яшчэ здаць.
А ўжо было 6:10. Не паснедаць у такіх умовах значыць быць галодным увесь дзень. Зразумела, што я такога дапусціць не мог. І апанаваў хлопцам, што хай адзін з нас застанецца каля рэчаў, а іншыя ідуць есці. Пятро з Серым вырашылі застацца і наглядаць, а я з Максімам пайшлі есці.
Падышлі да сталоўкі, якая з учарашняга вечара ўяўляла сабою дзесятак сталоў пад зорным небам. Народу ўжо набегла чалавек з 20. Мы сталі. І тут аказалася, што сення няма салдацкай сталовай, і сталовая афіцэрская стала нашай агульнай. Салдаты гэта ўцямілі і сваей велькай грамадой рушылі да нас у чаргу. Але замест таго, каб займаць чаргу, яны проста велькай купкай пачалі станавіцца спераду. Афіцэры моўчкі прынялі гэта. Але ні мне, ні капітану Жэню такі расклад не падабаўся. Разуменне салдатамі таго, што сення іх зноў накіруюць у запас, прывяло да страты пачуцця субардынацыі. Апошнія два дні армія ў нашым лагеры стала проста "арміяй".
Паколькі гучныя словы не дапамаглі змяніць сітуацыю, я і Жэня сталі паперадзе ўлезшых пазней за нас салдат. Хутка прыйшоў Максім, якога я пазваў стаць каля мяне. Дачакаліся сваей чаргі, атрымалі макароны з тушняком плюс гарбата са замяшанай з ёю згушчонкай. Але нават за такі сняданак трэба было падзякаваць кухарам, якія здолелі гэта прыгатаваць. Не ведаю, як яны гэта зрабілі. Але, думаю, гэта была б цікавая гісторыя. Я з Максімам снедалі за першым сталом. Да нас падселі дзве связістачкі. Маладзенькія. Трохі прагаварылі, як гэта можна зрабіць ва ўмовах экстрэмальнага сняданка. Яны крыху паскардзіліся на тое, што іх абяцанкамі выпраўлялі на палігон (як і нас), заліўшы ў вушы гісторыю пра пярэстага бычка. Я ж сказаў тое, што стаў разумець значна больш, чым закладзена ў словазлучэнні "гэта армія". Паснедалі ды пайшлі змяніць хлопцаў каля машын з бялізнаю.
Хлопцаў ужо не было. Не было нікога з нашых. Як і нашых рэчаў, прызначаных для здачы. Таму я і Максім вярнуліся да палаткі. Яшчэ было даволі цемна. Усе ж палова семага дзесьці.
Увайшлі ў палатку. І цяжка было паверыць, што гэта нашая палатка. Пустэча. Толькі стол, зроблены намі з яшчыка з надпісам “дровы” і буржуйка, да якой прыціснулася наша купка. Прыйшоў маер і паклікаў усіх есці. Акрамя нас, усе астатнія пайшлі. Цішыня. Рэдкія галасы. Такое ўражанне, што проста мы скончыліся, завяршыліся перад чарговым нашым жыццевым этапам.
Калі ўсе паснедалі, свету на двары ўжо хапала, каб пачаць разборку нашага жытла. Перш-наперш выцягнулі нашыя торбы, затым надышла чарга буржуйкі. Усе было даволі хутка. Буржуйка, потым паднамет, які мы завязвалі, у адрозненні ад паднамета працоўнай палаткі, нармульна, таму ўсе ішло як мае быць. Сярэдні слуп, вывалаклі паднамет, які складвалі ў той час як паслаблялі пасы палаткі. Тая склалася.
Серы выказаў словы шкадавання, пытаннем - "няўжо Вам не шкада", якое гучала даволі рытарычна. Ен звярнуўсч да мяне. Я сказаў, што фаталіст, таму прымаю гэта як належнае. Яшчэ было пытанне, ці ўвогуле я адчуваю цяпер што-небудзь, аднак я так і не змог словамі выказаць той унутраны сум, які мяне цяпер напаўняў. Разабралі, усе паскладалі. Палатку сабралі. Усе сабранае занеслі да мазаў. Заставаліся толькі шчыты на зямлі - нашая падлога, якая выклікала толькі здзіўленне сваімі памерамі: няўжо на такой плошчы можна было прытуліцца дзесяцем чалавекам?
Пачалі фоткацца. Прыйшоў нават Жэня. Дакладней, я стаў фоткаць усіх. А калі хлопцы на чале з Пятром захацелі сфоткацца са мною, гэты працэс моцным словам перарваў наш маер, які запатрабаваў цягнуць да месца збору шчыты.
Падлога, паднятая на руках, была перанесеная. Толькі пляміны на зямлі яшчэ паказвалі плошчу нашага жытла. Падышлі да торбаў. Прыйшлі старлей В. з вадзілам Сашаю. Трохі жартаў, асабліва пра мой кол, які я трымаў у руках і які праславіўся.
Калі працавалі, халадрыны не заўважалі. А тут адчулі дубак. Браў калатун, нягледзячы на бушлат. Я вырашыў кімарнуць, усеўшыся на рэчторбу. Але пабуджаны сваімі з прапановаю перасесці ў курылку, вырашыў заняцца хоць чым-небудзь. Дастаў крэм ды старую падшыву і пачаў чысціць берцаў. Цер іх да блішчэстай чэрані. Затым стаў дзыгаць на адным месцы. На пятым дзесятку падскокаў стала даволі цепла. Тут прыйшоў таварыш Ш. і ў сваім стылі наездцы сказаў "А чаго гэта вы яшчэ тут?"
Мы сабраліся, акрамя чатырох старэйшых на машынах, і ўслед за ім накіраваліся да месца збору тэхнікі і нашага лагера. Прыйшло нас шасцера разам з пакутуючым пачуццем нявызначанасці да месца збору. Пачалі чакаць. Гадзіннік паказваў ужо 9:20. Даволі хутка ен ляцеў, гэты апошні наш час у лагеры. Трохі пагаманілі з Жэнем, чакаючы ад'езду батальена аховы і забеспячэння, з якім павінны былі ехаць і мы.
Большую частку з іх камбат накіраваў да маза. А яшчэ дзесятак, разам з намі шасцема плюс спадар Ш. шпарка рынуліся да зяленага аўтобуса, брата-блізнюка таго, на якім мы прыехалі сюды тры тыдні таму. Я ўвайшоў ў аўтобус адзін з першых і адразу спераду заняў месцы сабе і Пятру. Усе ўлезлі. Праўда Максім і Віталя вымушаныя былі ісці і скульсці яшчэ забіраць вялізную торбу таварыша Ш.
Падыйшла яшчэ нейкая жанчына, якая да гэтага стаяла са старэйшымі афіцэрамі і гучна смяялася. Яна таксама ўлезла да нас у аўтобус. Усе селі і паехалі пад дыбільны турэмны шансончык, пад які кайфаваў вадзіла, які, як адзначыў Пятро, раней рабіў у нас у арганізацыі. Было толькі трохі больш за 9:40. Каб не слухаць мурню-музон, я праваліўся ў сон.
Прачнуўся ўжо ў Гродна, амаль на Фартах. Паехалі на Фолюш, дзе выйшаў Ш. Затым на Суворава, дзе выйшла тая жанчына. Мы прыехалі на Вішнявец не першымі, тады, калі першыя ўжо перааануліся ў грамадзянку. Пачуў, што дзве з 35 машыны да Вішняўца так і не даехалі. Мы ж толькі пачалі здаваць газікі. Потым атрымалі лісцікі, на якіх былі пазначаныя пазычаныя намі ў арміі рэчы, потым свае рэчы.
Хуткае апрананне, прычым некаторыя хлопцы пачалі скардзіцца з-за таго, што іх рэчы былі мокрыя. На што салдаты, якія раздавалі рэчы сказалі, каб тыя былі ўдзячныя, што іх рэчы ўвогуле вярнулі.
Потым здача. Спачатку тапкі з кацялком, кубкам, лыжкаю і парцянкі. Потым два рамні, боты, кепа, майка і трусяля. Затым становішся ў новую чаргу і здаеш ўсе астатняе: рэчторбу, торбу, у якой былі грамадзянскія рэчы, кіцель, да якога трэба было прышліліць нагавіцы, што я зрабіў няправільна. І калі здаваў нагавіцы з няправільна прышпіленым да іх кіцялям, жанчына на прыёмцы, пачуўшы маю беларускую гаворку, трохі змякчылася, у адрозненні ад колішняга выпадку, і паказала яшчэ раз, "для туркаў", як трэба прышпільваць нагавіцы да кіцяля. Здаўся. Яшчэ была горачка з пагона, але іх я пакінуў сабе на ўспамін аб пройдзеным шляху.
Пайшлі на трэці паверх, для чаго па памылцы прыйшлося спусціцца на першы і падняцца па другім пад'ездзе. Туркі, што тут скажаш. Хоць такіх туркаў як мы, хапала.
Трэці паверх. Размясціліся ў куце адпачынку. Сталі чакаць тых "салдацкіх” грошаў, якія прызначаліся нам. Касір павінна была прыйсці ў паловк дванаццатага. Аднак яна прыйшла каля 12:40. Узнікла вялікая чарга.
Мы ж спакойненька сядзелі з разуменнем таго, што ўсе роўна грошы атрымаюць усе. Да гэтага я пайшоў памыцца,каб трохі прыбіць той дрэнны пах, якім смярдзеў. Але гэта не надта добра атрымалася. Пасядзелі, прыйшлі нашыя чатыры, якія ехалі старшымі на машынах. Яны сталі ў чаргу і, дайшоўшы да касы, са здзіўленнем даведаліся, што нас няма ў спісах.
Унутрана ўсміхнуўшыся, я працягнуў прагляды прапушчаных мною абзораў матчаў Лігі Чэмпіенаў. Потым разам з хлопцамі паглядзелі новы кліпак Ляпісаў "Месяц", што з ультрахуткім армейскім нэтам у нас зрабіць не атрымалася. Мне ен нагадаў адну з маіх любімых гулек "Сайлэнт Хіл". Трэшак яшчэ той. Аднак спадабаўся, хоць і празмерны замут, ідэю якога мая слабая аператыва не пацягнула. Толькі здагадкі, але што некалькі хвілін я намагаўся ў яе ўехаць - факт. Так і не дасягнуўшы жадаемага, я плюнуў на свае намаганні зразумець нейкі глыбокі сэнс ці пародыю на яго і разам з усімі  пасля тэлефанавання падпалкоўніка Ш., накіраваўся ўніз.
Але спускаючыся на другі паверх, мы сустрэлі Жэню, які спытаў: куды мы? адказалі, уніз. Ен: урачыстасці перанеслі на 14:20 замест ранейшых 14-ці (на якія мы арыентаваліся) і стаў патрабаваць, каб мы зноў падымаліся наверх. Частка з нас так і пачала рабіць. Я прамовіў "гэта армія" і прцягнуў спуск уніз. Але мяне запыніў Пятро. І толькі паспеўшы развярнуцца тварам да трэцяга паверха, убачылі нашага таварыша маера, які гаварыў:  у нас есць свой начальнік, і ен сказаў спускацца”.
Усе пайшлі ў накірунку чапка і клуба. Прыйшлі. Там ужо было чалавек з 40. Селі ў адзін шэраг. Было ўжо хвілін 10 да першапачатковага прызначанага часу. Хлопцы схадзілі ў чыпок. Пятро пачаставаў ананасавай вафляй, Віталя печывам і даў запіць квасам. Сербануў яшчэ троху яблычнага соку ў Серага. Атрымаўся такі імправізаваны абед.
За намі падышло яшчэ народу. Хутка спераду сядзела чалавек пад 80. У 14:07 пачалі зачытваць прозвішчы і выдаваць лісты з удзячнасцю шэраговым салдатам. Але да нас падышоў таварыш Ш. і паклікаў нас прайсці: прыехаў афіцэр з нашага ваенкамата і пачаў выдаваць нам спачатку ваеннікі, а затым і "салдацкія". Мы тут жа, пабачыўшы запісы ў сваіх дакументах, пачалі шчыра віншаваць адзін аднаго. Прыемна так, сардэчна.
Атрымаў свае 74850, 50 рублеў для таго, каб было без дробязі да маей старублёўкі даклаў Максім. Толькі што ў мяне было крыху болей за дваццаць тысяч на дарогу, а тут стала амаль сотка. Быў рады. І на гэтай хвалі пайшоў у чыпок і купіў вялікую "Аленку" ды стаў частаваць сваю армейскую сям'ю.
Пайшлі зноў у залю. Тут распачыналася ўсе самае смачненькае. Граматы, удзячнасці, якія выдаваліся ўсім удзельнікам вучэння “Захад 2013”, каб было што дома паказаць, ды прэміі ад прадпрыемстваў. Парадаваўся за Пятра, які толькі тры дні паспеў папрацаваць на Хімвалакне і атрымаў прэмію ў паўмульта разам з граматаю. Добры дырэктар, добрае прадпрыемства.
Паперадзе нас справа сядзелі чацвера нарэзаных запаснікоў, якія брыдкасловілі і нават спрабавалі распіць флянец водкі пад пачак печыва адразу ж тут, пад урачыстыя словы падзякі за ўдзёл у зборах і пажаданні нам, без пяці хвілін грамадзянскім. Заўвага маера, які сядзеў побач, падзейнічала. Але як прыкра было бачыць іх, тых, хто такім чынам выказвае сваю няўдзячнасць і непавагу, яшчэ прыкрай было бачыць, калі адзін з тых чатырох неадыкватаў - п'яны яфрэйтар З., атрымаў ад свайго вайсковага начальніка ўдзячнасць за службу.
Выступілі некалькі чалавек з падзякамі, віншаваннямі і раздачаю падарункаў ад прадпрыемстваў. Прычым сцебна было назіраць, як некаторыя саромеюцца павагі да выкананай імі працы падчас збораў. Адразу напрошвалася сублімацыя такіх паводзінаў да нашага народа. Але такія асацыяцыі спыніў начальнік мабілізацыйнага аддзела палкоўнік Б., пачаўшы свой выступ словамі "Защита социалистического Отечества..." і завяршыўшы яго "мы всегда будем о вас помнить", чым няблага падняў настрой прысутным партызанам. Урачыстасць завяршыў падпалкоўнік Г.
Потым нам раздалі спраўкі на пралыемствы. Прычым асаблівасць у тым, што спачатку па прозвішчах іх, як і ўвогуле ў арміі, выдаюць салдатам, і толькі пасля, зноў па прозвішчах, афіцэрам. Атрымалі. Выйшлі на двор. Чакалі Давыдавіча. Падышоў падпалкоўнік Г., які развітаўся з намі, паціснуўшы кожнаму руку.
Выйшлі. За намі ад'язджаў зялены аўтобус з лідзкімі. Дайшлі да кэпэпэ. Салдат спытаў "хто?" Я назваў наша падраздзяленне і ўпэўнена выйшаў на грамадзянку. Падышлі да машыны Ш. Пачалі развітвацца. Ціснулі адзін аднаму рукі, абдымаліся. Затым разам з Максімам, якому на Дзевятоўку, накіраваліся да двойкі. Прыйшлі на прыпынак. Тут стаялі Аляксей з Давыдавічам. Паспелі адзін аднаму сказаць толькі, што больш развітвацца не будзем, ды селі ў адразу прыехаўшы шаснаццаты.

Ехалі моўчкі, кожны ўжо думкамі дома. Я разглядаў твары грамадзянскіх і краявіды горада, які для мяне паспеў згубіцца ў сутонні часу і прасторы. Паціснуўшы руку Максіму, выйшаў з аўтобуса і, не азіраючыся, паплеўся ў накірунку вакзала.

Комментарии