ДЗЁННІК ПАРТЫЗАНА. ЧАСТКА 1

Нашыя людзі прызвычаіліся на ўсё скардзіцца. Прачытаў растыражыраваны СМІ тэкст пра вучэнні, напісаны адным з удзельнікаў "Захаду-2013", з якім, дарэчы, давялося некалькі разоў падчас іх пабачыцца. Спадзяюся, што другую частку свайго тэксціка ён прысвеціць таму, як бавіў час у войску - і тады ўсё стане на свае месцы. А пакуль ён скардзіцца, наколькі ж кепскія бытавыя ўмовы падчас збораў. І ў зафіксаваных момантах, збольшага, ён мае рацыю, хоць гэтыя факты і вырваныя з кантэкста агульнай сітуацыі - для ўзмацнення негатыўнага эфекту.
Але выкажу сваё меркаванне, падмацаванае ўласным дзённікам, які вёў на зборах і першыя запісы з якога змяшчаю ніжэй. Я не згодны з тым, як СМІ ўчапіліся за гэтую скаргу "партызана": мыла сапсавалася, палатка працякае, майка дзіравая, кормяць не так як дома, а таму, быццам, кепска, ды т.д. У нас любяць негатыў. Любяць да страты свядомасці і пачуцця рацыянальнага мыслення, забываючы на галоўнае: "Гэта Армія". А армія - гэта Вам не сюсі-мусі. Гэта магчымасць праверыць чалавека ў экстрэмальных умовах, падрыхтаваць яго да чагосьці, што для мяне асабіста закладзена на падсвядомым узроўні словамі "абы не было..."
Я падышоў да справы як гісторык і намагаўся ў дзённіку адзначыць усё, што пабачыў, падумаў і адчуў. Да таго ж на зборы я пайшоў дабраахвотна, у якасці афіцэра запаса, для таго, каб праверыць сябе і паглядзець на стаўленне да беларускамоўнага беларуса.
Першапачаткова, не думаў змяшчаць напісаны тэкст, але прачытаўшы ў сеціве два тэксты-антыподы, у адным з якіх негатыў, у другім - пазітыў, усё ж вырашыў выкласці, нягледзячы на парады, і свой варыянт менавіта ў той форме, у якой яго пісаў (аб'яднаўшы некалькі ўрыўкаў у адзін у першай уступнай частцы ды замяніў імёны сваіх таварышаў, а таксама збольшага выкрасліў увогуле імёны ўзгаданых у ім асобаў). Спадзяюся, што гэты тэкст зможа пасадзейнічаць разуменню Вамі таго, што армія - "гэта Армія", якая жыве зусім іншым успрыманнем рэчаіснасці. У той жа момант нашая Армія - гэта люстэрка жыцця ўсёй нашай краіны.

Адпачынак падыходзіў да свайго завяршэння, калі ў сярэдзіне чэрвеня мне патэлефанавалі і папрасілі з’явіцца ў ваенкамат, захапіўшы з сабою ваеннік. У першы ж дзень пасля адпачынку прыйшоў у ваенкамат, думаючы, што гэта проста нейкая праверка.
За некалькі хвілін да прызначаных 12 гадзін быў ужо ў ваенкамаце на Багдановіча. Зайшоў у 11-ы кабінет. Прапанавалі прайсці ў суседні пакой. Там сядзеў супрацоўнік ваенкамата і малады чалавек, прыкладна майго ж узроста ды запаўняў паперкі. Мне прапанавалі прысесці, папрасіўшы ваеннік і пашпарт. Тут я пачуў, што гэтага хлопца бяруць на нейкія зборы ў верасні.
Супрацоўнік ваенкамата пачаў гаварыць са мною: у верасні будуць зборы і мяне могуць узяць на іх, як і майго сябра Пятра, з якім разам працуем. Я спытаў, ці давядзецца мне пастраляць. Атрымаў станоўчы адказ. Ваенкаматчык таксама трохі распавёў, што я змагу папрацаваць з нейкай суперскай новай тэхнікай, якая ёсць у нашым войску плюс атрымаць дадатковую вайсковую спецыяльнасць. Мяне такая перспектыва рэальна парадавала, паколькі на зборы даўно ўжо хочацца патрапіць. А тут толькі месяц, ды яшчэ ў верасні – надвор’е павінна быць файнае. Усё ж на ваенным факультэце атрымалася толькі месяц пажыць у казарме.
Падпісаў паперы аб адмове ад медагляду, напісаўшы, што здаровы, таму што ў іншым выпадку прыйшлося б муляць час, лазячы па бальнічцы. Трохі паламаўся з дазволам правесці праверку маёй асобы КДБ-эшнікамі, але сказалі, што гэта стандартная працэдура, на выпадак, калі мне раптам давераць нейкія там нашыя сакрэты ды таямніцы. Паглядзімо ці спраўдзяцца словы майго сябры Х., што мяне не возьмуць на зборы з-за маіх поглядаў. Спадзяюся, што ўсё ж возьмуць. Мне далі павестку на 21-га (не забыць! 9 раніцы!!!) ды я спакойненька пайшоў далей на працу.
Яшчэ раз на развітанне спытаў, ці дакладна мяне возьмуць на зборы і супрацоўнік ваенкамата мяне абнадзеіў, што дабраахвотнікаў амаль стопрацэнтна забяруць. Гэта мяне яшчэ больш парадавала і я змагу на ўласныя вочы пабачыць вучэнні, пра якія  пакуль ведаю толькі з даволі смешнага артыкула ў польскай Жэчпасполіце, дзе яны чакаюць быццам мы пайдзем на іх вайною. Праверыў нэт: пра вучэнні амаль нічога няма.

21.08.13 Ваенкамат на Багдановіча. Прышоў загаддзя, за 20 хвілін да 9-ці. Там ужо было трохі народу, сярод іх Пятро і адзін з пацыкаў, з якім вучыўся на ваенцы ў Янкі Купалы. Павіталіся. Потым у залю ўвайшоў Мікалай. Я быў вельмі здзіўлены, паколькі пару месяцаў як у яго нарадзілася дзіця. Да таго ж, ён, як і я, да ліку так званых “благанадзейных” не адносіцца, але, аказалася, што мы прызначаныя ў адзін аддзел.
Народ па-крыху збіраўся. Адным з апошніх у залю патрапіў С.А. Тут я яшчэ больш здзівіўся, падумаўшы: няблага ж журналісты “Захадам 2013” зацікавіліся. Але адразу ж чамусьці падалося, што зноў напіша якую байдзень, параўнаўшы нашую армію з натаўцамі ў стылі апошняга яго тэкста пра картуш РП, дзе напісаў, што яму надакучыла Гародня, у параўнанні з Варшавай.
Ужо было за 9 гадзін, калі нас пачалі называць па спісах, дзелячы на дзве часткі, якія займалі адпаведна левую і правую паловы залі. Мяне ў спісе не аказалася і адзін з ваенкаматчыкаў сказаў адсесці ўправа побач з былымі вайскоўцамі. Але Пятро з Мікалаем сядзелі злева. Я звярнуў на гэта ўвагу супрацоўнікаў ваенкамата, пасля чаго другі ваенкаматчык сказаў мне сесці зноў да сваіх. А мяне ў гэты час пачалі шукаць па спісах. Чарговы раз не атрымаўшы жадаемага выніку, сказалі перасесці зноў направа. Я падняўся, але сядаць не стаў. Хлопцы пачалі жартаваць з майго становішча, гаворачы, каб хапаў ногі ў рукі і матаў. Тут праверылі нейкія першапачатковыя спісы, дзе маё прозвішча было пазначана і мяне канчаткова вярнулі налева, да сваіх.
Прыйшоў кіраўнік нашага ваенкамата і расказаў пра чакаючы нас лёс падчас вучэння. Мы будзем служыць у 250-м асобным батальёне абслугоўвання і забеспячэння. Гэта добры батальён, у якім будзем удзельнічаць сумесна з расейцамі ў “Захадзе 2013”. Такія вучэнні адбываюцца раз на два гады. На гэты раз яны будуць у нас, на пяці асноўных палігонах Рэспублікі. У іх прыме ўдзел больш 13 тысяч ваеннаслужачых.
3-26.09 само вучэнне.
20-26.09 асноўная фаза.
З 24-га – самыя актыўныя дзеянні.
26-га будзе паказ сумесных дзеянняў нашых і расейскіх войск. 42 хвіліны – менавіта столькі зойме ўсё найбольш смачненькае і што ўбачаць прэзідэнты Лукашэнка, Пуцін, і, магчыма, Назарбаеў, а таксама гурба паслоў.
Ваенкам даволі падрабязненька ды інтэлігентна расказаў, што гэта, мерапрыемства палітычнае, і зразумела – тут няма чаго нам хаваць. Яно будзе адбывацца на палігоне ў 10 км ад Літвы: “Нам перыядычна неабходна дэманстраваць сваю сілу і паказваць, што мы – лепшы саюзнік Расіі. Не лічыцца з палітыкай Беларусі – нельга”. Мы будзем падрыхтаваныя на 100+1%.
У лістападзе, дарэчы, таксама будуць нейкія зборы, куды змогуць патрапіць тыя, хто застанецца ў рэзерве. Яны будуць адбывацца і ў наступным годзе, таму хто надумае “адкасіць” на гэты раз, усё роўна патрапіць у наступным годзе.
Таксама наш ваенкам сказаў, што ёсць тры разрады запаснікоў: 1-ы, да якога і я належу, могуць прызывацца раз у 2 гады.
Адбор праведзены спецыфічна. Праўда, нешта я пакуль так і не ўцяміў, у чым гэтая спецыфіка. Акрамя таго, вызначаны 14 катэгорый тых, якія не трапляюць у лік абраных.
Усё мерапрыемства зойме тры з паловай тыдні. Мы зможам пазнаёміцца з расейцамі і пабачыць двух прэзідэнтаў.
Пасля гэтага ваенкам сказаў, што сёння правядуць адбор асноўнага складу, а астатніх далучаць да “рэзерва”. Калі маюцца нейкія праблемы з тым, каб прыняць удзел у зборах, то трэба цяпер сказаць. Усе мы людзі, і калі гэта рэальная праблема, пацверджаная дакументальна, то вызваляць ад збораў. Да таго ж нам далі нумар, каб мы ў выпадку якой непрадбачанай праблемы, не дай Бог, патэлілі і паведамілі, каб нас не шукалі па ўсім горадзе з міліцыяй і проста ўзялі іншага чалавека з “рэзерва”.
Так як нас, афіцэраў запаса, няшмат, то мы паедзем ад будынка самога камісарыята. Яшчэ раз нагадалі, што пры ўзнікненні любой складанасці, сямейнай ці працоўнай, трэба паведаміць, паколькі ў іншым выпадку будуць дзейнічаць у адпаведнасці з заканадаўствам. Завершылі ўступныя словы цытаваннем артыкулаў аб ухіленні: “Гэта не жарт. Ёсць 466 артыкул. Да 2-х гадоў пазбаўлення волі”. За мінулы год адзін доктар быў асуджаны за спраўку аб няпрацаздольнасці. Да таго ж ні ў якім разе не спадзявацца на ўжыванне алкаголю, паколькі будуць вельмі сур’ёзныя адносіны да такіх шкадліўцаў.
Сказалі, што вайсковая служба – гэта прыярытэтная служба ў нашай краіне. Потым прыйшоў маёр А. і сказаў, што нам прыйдзецца кіраваць людзьмі, несці адказнасць за падначаленых і за выкананне загадаў. Вось гэта мне рэальна не спадабалася, паколькі ніякай кампетэнтнасці ў кіраванні людзьмі, тым больш ваеннаслужачымі, я не маю. Але прыйшоў начальнік цэнтра, у якім я буду служыць, таварыш Ш. і сказаў, што нікім нам кіраваць не прыйдзецца: у нас па штаце толькі два салдаты на 8 афіцэраў. Гэты цэнтр мае новыя тэхналогіі ды доступ да інтэрнэта, а таксама будзе займацца друкаваннем перыядычных выданняў пра вучэнні. Столькі ўсяго спадар Ш. назваў сярод магчымасцяў гэтага цэнтра, што для мяне сумніўна яго рэальнасць у нашай арміі. Але палядзімо ўжо праз пару тыдняў.
У той жа час пры знаёмстве таварыша Ш. са сваімі будучымі падначаленымі атрымалася зноў паліва, паколькі мяне першапачаткова запісвалі ў “рэзерв”, на чым чамусьці настойваў адзін з супрацоўнікаў ваенкамата. Але я стаў прасіцца дабраахвотнікам і Ш. згадзіўся. Дзякуй яму за гэта. Мікалай адзначыў, што ў яго ў верасні сесія ў Беластоку, на што сказалі, каб прынёс спраўку аб гэтым. А яму ж прапаноўвалі маёрскую пасаду). Ён таксама хацеў бы патрапіць на вучэнні, але папаўненне ў сям’і больш важкая рэч, і гэта не тое, што мне – вольнай птушцы.
У кожнага спадар Ш. пытаў, якім чынам ён патрапіў сёння ў ваенкамат. С.А. сказаў “прымусілі”, ды дадаў, што ў 80-я двойчы ўдзельнічаў у зборах і што з яго хопіць гэтых збораў. Ён, як і я гаварыў, па-нашаму. Яго выслухалі і сказалі вярнуцца ў залю на месца, запісаўшы ў лік рэзервістаў.
Потым сказалі, што працуючым будзе выплачаны сярэднемесячны заробак, а калі хто прадпрымальнік, то ім заплоціць гарвыканкам. Таксама нам выдадуць па заканчэнні збораў спраўкі, якія мы павінны будзем аддаць сваім кадравікам і на падставе якіх нам і заплоцяць грошы.
3-га трэба з’явіцца ў ваенкамат, да 8-мі раніцы. Пры сабе мець дакументы (пашпарт і ваеннік), цёплыя рэчы, спартыўны касцюм, мыльна-рыльныя, ніткі, іголкі, падшывачны матэрыял, шкарпэткі, берцы (калі хто хоча), а таксама абавязкова тапкі, паколькі там яны агульнага карыстання і праз іх прайшло да халеры ног, труселя таксама, калі хто грэбуе армейскімі. Плюс узяць сухі паёк на суткі; пакарміць абяцаюць у абед, але мала што здарыцца. Трэба быць падрыхтаванымі да ўсяго.
Засталося два тыдні. Галоўнае – мяне запісалі ў аснову, і, спадзяюся, што 3-га сваё рашэнне не памяняюць. Таму пасля раскопак я спакойненька месячык пабуду на зборах, трохі пракачаюся ды пастраляю, і паляджу на гэтую цуда-тэхніку. Да таго ж яшчэ пад уражаннем фільма з Вінцэнтам пра войска, змагу праверыць на практыцы, як ставяцца ў арміі да беларускамоўных беларусаў.

3.09.13 Я прыйшоў у ваенкамат у 7:45 з вялікаю торбаю, куды было напхана, як сёння ж даведаўся, шмат непатрэбнага. Каротка пастрыжаны, у чорнай куртцы, чорных нагавіцах, чорных берцах, светлакарычневым свэдры з аленікамі і легкаю ўсмешкаю несур'езнасці.
Падняўся на другі паверх, там быў ужо Пятро. Сядзелі да пачатку 10-га, спачатку чакаючы вайскоўца і некалькіх партызанаў, якія спазняліся з-за нейкай аварыі на дарозе, у выніку чаго замарудзіўся рух транспарту. Напачатку 10-га прышоў доктар і пачаў правяраць нашыя рукі і пузікі. У аднаго з мужыкоў быў нейкі псарыяз у выглядзе плямаў на скурыэ. Але на запыт мужыку ці ўсе з ім нармуль, ен даў станоўчы адказ, трохі пажартавалі і сказалі, што гэта не перадаецца іншым, і ўсё роўна гэта толькі на месяц. Потым з рэчамі залезлі ў аўтобус ды паехалі на Вішнявец.
На Вішняўцы нас выгрузілі і накіравалі ў казарму, дзе праверылі нашыя торбы на наяўнасць алкаголю і медыкаментаў. Торбы выстаўлялі на парты, дзе ў іх корпаліся пару салдат, побач з якімі стаялі доктаркі. Калі ў маіх рэчах стаў лазіць салдацік, я паказаў яму паўбутэлькі мінералкі ды раствор для лінзаў, але гэта яго не спыніла і ён працягнуў поркацца з маёй торбай. Яго нават не спынілі словы доктаркі паглядзець на мой здаровы твар і зразумець, што я не з тых, хто ўжывае алкаголь. Прыемная такая жанчына з прыгожымі вачыма.
Потым накіравалі на трэці паверх, дзе раздалі анкеты. У анкетах мы павінны былі пазначыць сваю нацыянальнасць, веравызнанне, сацыяльнае паходжанне, наяўнасць судзімасцяў у нас і нашых родных. Беларус, праваслаўны, бацькі – "труженики села". На запыт пра судзімасці сказалі, што можна паставіць рысачку, калі не ведаеш дакладна. Але мне адразу ўспомніўся аповед бабулі пра яе дзядзьку, патрапіўшага ў вайну параненым у палон, за што разам з жонкаю і дачкою яго саслалі ў Сібір валіць лес, а таксама адміністратыўка брата. І таму, падалей ад праблемаў ды каб не ствараць непатрэбнай працы людзям, я з упэўненасцю паставіў гарызантальную рысачку, паколькі сам-та законапаслухмяны. Запоўніў па-нашаму, што не выклікала ніякіх праблемаў.
Пасля па чарзе пачалі выклікаць для подпісаў у розных дакумантах і далей - атрымоўваць салдацкую вопратку, частку якой пакідалі на схрон тут жа, замяняючы яе сваімі асабістымі трусялямі, шкарпэткамі замест парцянак, берцамі замест хромавых ботаў.
Я з цяжкасцю ўпіхнуў свае рэчы ў рэчторбу, але аказалася, што нам дадаткова дазволілі свае торбы і хутка пачаў частку рэчаў перакладаць у яе.
Здаліся, распісаліся, узялі газікі і далей у выдзеленае нам памяшканне ў пакоі адпачынку. Я выбраў верхні ложак, над Пятровым. Пачалі ўсе падрыхтоўваць да пражывання ў сваім пакоі, у якім звычайна салдаты бавяць вольны час. Тут ужо былі запраўленыя ложкі. Праўда сёння адна з жанчын, працуючых у арміі, сказала пра іх: "Да если ляжешь на солдатский матрас, сразу залетишь".
Сталі падшывацца, але я пачаў няправільна. Гэта ўбачыў старшына, зайшоўшы да нас з прынесенымі мылам, крэмам для абутку і мачалкамі. Ён паказаў як трэба правільна падшывацца. Але ўсё, што я паспеў зразумець, гэта тое, што трэба іголку двойчы амаль у адну і тую ж дзірку ўстаўляць. Пакуль армія не паспела нас перажаваць, рабіць усё роўна не было чаго, таму амаль усе заняліся падшываннем. Добра, што матуля дала мне цэлую новую прасціну, кавалкамі якой я стаў дзяліцца са сваімі таварышамі. Старшына ў дадатак прынёс вялікі маток нітак і пачак іголак.
Даволі файны супакойваючы сродак гэтае падшыванне! Мне ён настолькі спадабаўся, што я перашываўся тройчы, пакуль дасягнуў больш-меньш жадаемага выніку.
Прыходзіў спадар Ш. і паведаміў, што заўтра ў нас заняткі з самага рання, для якіх трэба мець сшыткі.
Абедам я рэальна наеўся. Спадабаўся камяк. Смаката. Пасля абеда да нас заходзіў камбат і сказаў, каб ні грама ў рот. Галоўнае ж, каб не парушалі дысцыпліну. У такіх людзях адразу адчуваецца адданасць справе, і кампетэнтнасць. Расказаў нам крыху пра свой батальен і пра працу ў ім, пра тое, як некалькі чалавек у сувязі са скарачэннямі ў арміі выводзяць тэхніку для ўсяго батальёна. Таксама пра тое, каб моцна не шумелі, паколькі ад жыхароў Вішняўца побач з казармаю паступаюць скаргі на песні і тупат ботаў падчас строю салдат. Пазней маер Т. расказаў, што падчас уключэння лакацыйнай антэны, называнай у прастасалдацці "граблі", людзі скардзяцца, што гэта перашкаджае якасці прыёму тэлесігналаў пры праглядзе любімых серыялаў. Серыялы для такіх людзей, выходзіць, важней, чым абарона неба над іх галавамі.
Потым навярнулі з Пятром і яшчэ адным хлопцам сала маёй бабулі. Гэтае белае золатка, нягледзячы на тое, што ўзяў яго са два кілі , за тыдзень можа быць прыгаворана.
Пасля гэтага звярнуўся да таварыша маёра з просьбай узяць у яго уставы. Ён адразу адгукнуўся на маю просьбу і толькі адзначыў, што на беларускай мове няма. Уставы Унутранай Службы і дысцыплінарны з цікавасцю прачытаў, асабліва вытрымкі пра прысягу, якую нам заўтра прыносіць. Таму што пакуль мы не прынясем прысягу, нам не выдадуць зброю. Заўтра пасля абеда чацвёра з нашага цэнтра атрымаюць такую ганаровую магчымасць. Дарэчы, наш таварыш маёр сказаў, што быў у войску, калі ў 90-я пачалі ўводзіць беларускую мову ў войску. А гэта ж былі ваенныя з усіх куткоў былога Савецкага, якія збольшага і ведаць не ведалі пра беларускую мову. Тут жа ім трэба было вучыць на ёй каманды, але "слава Богу", наступіў 94-ы і гэтае рашэнне адмянілі. Я ж сказаў, што на жаль. Так бы сёння мы мелі цалкам беларускамоўнае войска, забыўшы пра гэты падзел і ўспрыманне "беларускамоўнага" як апазіцыйнага замест таго, каб успрымаць нас як сапраўдных патрыётаў, нават коштам уласнага жыцця аддадзеных Беларусі.
Чытаў уставы і пэўныя месцы зачытваў пацыкам. Потым Серы тут жа ў кутку адпачынку, дзе стаіць акварыюм і купленыя салдатамі за асабістыя грошы тэлік з дзівідзішнікам, знайшоў на стале з часопісамі “Нёман” і “Беларуская думка” цікавую раздрукоўку. У ёй пазначаныя выпадкі зафіксаванай дзедаўшчыны па Гродзенскай вобласці і пакаранняў за яе. Кожны можа падысці і пачытаць, што там напісана: ад уцёкаў да нанясення “дедушкой” прасам апёкаў свежанькаму салдаціку. Там даволі шмат выпадкаў, з прозвішчамі і фоткамі. Не думаў, што ў нас такое магчыма, каб так гэта паказвалі. Але падумаўшы, прыйшоў да высновы: такім чынам звычайныя салдаты могуць бачыць, што барацьба з гэтым злом ідзе. І ў той жа момант сёння паспеў пабачыць, як некалькі разоў салдацікі паказвалі не надта тактычнае стаўленне да загадаў іх камандзіраў. Падумалася: вось як жа на такіх уздзейнічаць? Калі па ўставу, то тут рэальна нямала народа наказваць трэба.
Пад вечар нам выдалі кацялок, флягу з мяшэчкам для яе, кубак і лыжку. Кацялкі даволі новенька выглядаюць. Толькі мяне здзіўляла рэакцыя пацыкаў, якія іх адкрывалі. Я сам адкрыў і ўсё зразумеў: унутры сценкі змазаныя нейкім масляным, тлустым рэчывам, якое неабходна было змыць. На партызан далі банкі з чатыры сродка для мыцця посуду ды пачак губак. Але хлопцы, якія першымі дарываліся да банкі з мыльным сродкам вылівалі таго ў кацялок да халеры. У выніку, я нават не ведаю, як у многіх атрымалася адчысціць свой кацялок. Я выкарыстаў трохі звычайнага мыла, якім націраў анучку ды пад вельмі моцнай гарачай вадой вымываў гэты карычневата-цягучы налёт. Хлопцы так да позняга вечара стаялі ля ўмывальнікаў і вымувалі кацялкі. Мой датуецца 1984 г., але рэальна выглядае як новы.
3.09.13 Вішнявец. Вячэра
Вечарам смачна паеў. Мне спадабалася. Думаю, што набяру страчаныя падчас пяцідзённага галадання кілі, каб бабуля больш не гаварыла, што я як “здоены”.

Прыйшлі ў казарму. Памыліся, а потым мужыкі сабраліся ўсе каля стала і арганізавалі “другую вячэру”. Тут табе і каўбаса, і курыца, і часнык ды цыбуля з салам, і шмат-шмат усяго. Мне напачатку было неяк няёмка, калі паклікалі нас, чатырох самых меньшых з нашага цэнтра, якія ўжо збіраліся класціся баінькі. Але Генадзь сказаў, каб не саромеліся, бо мы – афіцэры і адна сям’я. Я пакаштаваў рознага смачнага, пасмяяўся над гурбою анекдотаў, якія ведаюць прадстаўнікі нашага разнаўзроставага калектыва, паслухаў гісторыі Серага пра Ізраіль, які ён наведаў па прафесійнай камандыроўцы, ды праваліўся ў сон напачатку чацвертага ночы.

Комментарии