ПАЎСТАННЕ 1863-1864 ГГ.: РАЗОРЫ ПРАБЛЕМАЎ ПЕРАД ДАЎГАЧАКАНАЙ ПРЫСТУПКАЮ

Навука – гэта не раз і назаўсёды ўсталяванае разуменне рэчаіснасці. Гэта несупынны пошук і сістэматызацыя аб’ектыўных ведаў. Рост іх базы ў ідэале павінен весці да змены ўсёй навуковай парадыгмы, якая з аднаго боку – адлюстроўвае выклікі грамадства, а з другога – становіцца важкім элементам абнаўлення ўсёй сістэмы сацыяльных повязяў. Стагнацыя ж навукі разбурае гэтыя сувязі, вядзе да страты яе аўтарытэту і ў выніку – пераспелы кавалер застаецца цікавым толькі вузкаму колу паслябальзакаўскіх паненак.
Тэма паўстання 1863-1864 гг. дае нам прыклад таго, якім чынам праца гісторыкаў можа аказваць уплыў на “ідэнтычнасць” і дзякуючы апрабацыі атрыманых вынікаў праз мастацкія вобразы зрабіцца часткаю стэрэатыпнага (на ўзроўні вопыту) мыслення супольнасці, важным чыннікам сацыяльнага абуджэння гістарычнай памяці цэлага народа. Дадзеныя падзеі назіраліся ў нашай краіне неаднаразова менавіта за кошт патэнцыялу тэмы “паўстанне 1863-1864 гг.” як адлюстраванне пэўных, на адпаведны момант, сучасных працэсаў. 

Так было ў часы беларусізацыі і разарванай Беларусі, так было ва ўмовах уз’яднання нашага народа, так было пры Хрушчове з “адлігаю”, так было ў часы “перабудовы” і хвалі нацыянальнага “Адраджэння”. Але, на маю думку, у тэме паўстання мы маем сёння недастатковыя ўмовы для чарговага кідка наперад на гістарычным фронце даследавання свайго мінулага. І тут больш справа не столькі ў палітыцы ці асобна ўзятых асобах, якія штучна развязваюць “халодныя” ідэалагічныя спрэчкі, спецыяльна блытаючы навуковыя метады і “чорны піяр”, астуджаючы такім чынам даследчыцкі запал тэмамі вонкавага супрацьстаяння, адцягваючы ўвагу ад “гарачага” ўнутрыпраблемнага кола.
Назаву іншыя як мінімум тры рознаўзроўневыя праблемы, ад вырашэння якіх залежыць магчымасць пераходу на новую ступень разумення тэмы паўстання 1863-1864 гг. і яго ролі ў нашай гісторыі.
1.                Спецыялізаваны інстытут па праблемам паўстання, адсутнасць якога стрымлівае ўвесь запал асобных даследчыкаў вузкімі зацікаўленасцямі і не дазваляе перайсці такую патрэбную мяжу аналітычнай працы агульнанацыянальнага значэння.
Стварэнне аналітычнай працы рыхтуецца колькасным ростам інфы, збіраемай калектывам даследчыкаў, апантаных агульнай ідэяй і зацікаўленасцямі, і друкуемай у спецыяльных зборніках, кшталту 25-томнай серыі 60-х гг., у межах якой два тамы прысвяцілі падзеям у Беларусі і Літве (адзін з наступных пастоў прысвячу лепшым зборнікам дакументаў пра паўстанне).
Здавалася б, развіццё тэхналогіяў павінна як нішто іншае аб’яднаць даследчыкаў. На жаль, кардынальных зменаў у дадзеным накірунку не назіраю. Артыкулы пішуцца, але ці чытаюцца? – гэта рытарычнае пытанне, у дадатак да якога варта зазначыць яшчэ “і ці разумеюцца?” Тут як раз паўстае праблема канвенцыялізацыі навуковага апарату.
2.                Тэрміналогія паўстання 1863-1864 гг., падчас якога ўжо ўжываліся такія палярныя катэгорыі як “мяцеж” і “рэвалюцыя”. У савецкія часы да іх ліку дадаліся сацыяльныя адзнакі і тэрміны кшталту “сялянская рэвалюцыя” (ці антыпамешчыцкае паўстанне), або “беларускае паўстанне ў часы польскай рэвалюцыі” (В. Перцаў) ды інш. Сёння, чарговы раз назіраем пераасэнсаванне тых падзеяў за кошт катэгорый “антырасейскае” і “антыпольскае” паўстанне.
Але, мне падаецца, што ўсялякае намаганне надання выключна вузка вызначанага характару тым падзеям пазбаўляе іх шматаспектнасці самой рэчаіснасці і робіць іх больш беднымі, чым яны мусілі быць насамрэч. У дадзеным выпадку “нацыянальна-вызвольнае” ў шырокім сэнсе падыходзіць значна больш і дазваляе пакінуць у яго межах і сацыяльную барацьбу, і рэгіянальныя асаблівасці, і намаганні па супрацы з расейскімі рэвалюцыянерамі-дэмакратамі, і ўдзел у самой барацьбе супраць царскай улады вайскоўцаў расейцаў, ды нават праваслаўных святароў. Да таго ж нельга ні ў якім разе скідваць з рахунку фармаванне ідэалогіі паўстанцкага руху з яго плынямі ва ўмовах развіцця агульнаеўрапейскай філасофскай думкі.

3.                Удзельнікі паўстання, інфармацыю пра якіх варта сабраць і аб’яднаць у адзіную базу, якая павінна зрабіцца грунтам для фармавання фонда нацыянальнай памяці пра ўдзельнікаў тых падзей. Хрэстаматыйнымі з’яўляюцца лічбы, што на тэрыторыі Беларусі: 128 чалавек былі пакараныя смерцю, 853 выслалі ў Сібір, 504 адправілі ў Сібір на вечнае пасяленне, 825 чалавек адправілі на пасяленне ў іншыя аддаленыя куткі Расейскай імперыі (з паніжэннем у правах), 320 накіравалі ў армію шэраговымі салдатамі, яшчэ 767 – у арыштанцкія роты. 7836 выслалі ў адміністрацыйным парадку. Усяго выселілі з Беларусі 12483 чалавекі. Але гэтая статыстыка патрабуе верыфікацыі і складання дакладных спісаў і біяграфій асоб, прадстаўленых матэматычнымі адзінкамі ў лічбе пакараных за ўдзел у паўстанні. Да таго ж застаецца пад пытаннем дакладная колькасць удзельнікаў партызанскага і падпольнага супраціву, а таксама загінутых падчас баявых сутычак.

(Менавіта апошняй праблеме і будзе прысвечаны наступны пост)

Комментарии