Любы
гісторык па заканчэнні ўніверсітэта, дзе выкладаецца курс “Актуальныя праблемы
тэорыі і методыкі крыніцазнаўства” ведае, што ён, у адрозненні ад спецыялістаў
многіх іншых навук, пазбаўлены магчымасці бачыць аб’ект свайго даследавання, не
можа яго паўтарыць і ўступіць у непасрэдны кантакт з ім. Тым не меньш нам
вядомыя асноўныя з’явы і падзеі мінулага. Гэтую інфармацыю гісторыя атрымоўвае
з крыніц.
Ежы Хоппэн. Касінеры |
Аднак
крыніца - гэта толькі вобраз мінулага (нажаль, пра гэта часам забываюць),
носьбіт інфармацыі аб ім. Памятаючы словы Васіля Восіпавіча Ключэўскага
(“Сапраўдны гісторык не той, хто можа прачытаць старонкі старых летапісаў, а
той, хто ўмее чытаць паміж радкоў”) і арыентуючыся на несупыннасць развіцця
навукі (кожнае новае пакаленне даследчыкаў па-свойму пераасэнсоўвае крыніцы і,
адпаведна, мінулае) мы мусім выкарыстоўваць як мага глыбей інфармацыйнае
багацце і насычанасць крыніц фактамі.
На
дапамогу ў гэтай справе гісторыкам прыходзяць іншыя галіны ведаў.
Адна з іх - статыстыка, дзякуючы якой колькасныя характарыстыкі грамадскіх з’яў
атрымоўваюць адлюстраванне ў лічбавай форме.
Чалавек
верыць лічбам, якія вядуць да пэўнага разумення таго, што адбываецца і
ствараюць магчымасць тлумачэння за кошт свайго універсалізма. Да таго ж лічбы
валодаюць якасцю “дакладнасці”. Аднак гэтая дакладнасць не настолькі поўная, як
падаецца, паколькі падлікам сацыяльных з’яў (ды іх тлумачэннем) займаюцца
людзі. Як дадзеная праблема адлюстравана ў тэме паўстання 1863-1864 гг.? - менавіта
гэтаму прысвечаны дадзены запіс.
Прыклад першы: Бітвы.
Галоўнай крыніцай
вызначэння колькасці бітваў і сутычак 1863-1864 гг. як у мінулым, так і сёння
застаюцца крыніцы, створаныя ўдзельнікамі тых баёў з боку паўстанцаў. Менавіта
на іх падставе падрыхтаваў сваю працу бібліатэкар музея ў Раперсвілі Станіслаў
Зеліньскі, які прывёў лічбу ў 1229[1]
узброеных сутыкненняў (адно з іх у красавіку 1865 г.).
Табліца колькасці баёў 1863-1864 гг. |
Яна і сёння застаецца
абгрунтаванай, і ўжываецца ў навуковых публікацыях: так, яе (“больш 1200 бітваў
і сутычак”) паўтарыў В. Кальват[2].
Аднак трэба мець на ўвазе заўвагі, адзначаныя ў 1913 г. Юзэфам Бялыняй
Халадэцкім[3]:
- Галоўнай
крыніцай інфармацыі пра сутыкненні былі дадзеныя часопісаў, напісаныя ў
большасці выпадкаў нападставе прыватнай інфармацыі і недакладных справаздач.
Адныя і тыя здарэнні розныя часопісы апісвалі па-рознаму адносна іх месца і
часу. Удзельнікі аднаго і таго ж самага аддзелу, адной і той жа самай дружыны,
надавалі часта адным і тым жа сутычкам розныя назвы, у залежнасці ад ваколічных
мясцовасцяў, якія захаваліся ў іх памяці;
- У
многіх выпадках адна і тая ж бітва адбывалася на некалькікіламетровым абшары, у
форме пагоні, пастаянных сутыкненняў і перастрэльвання адступаючых дружын.
Такое сутыкненне магло атрымаць некалькі назваў і, такім чынам, замацавацца ў
крыніцах не як адна, а як некалькі бітваў;
- У
некаторых крыніцах вялікая колькасць назваў мясцовасцяў настолькі скажоная, што
нават геаграфічны слоўнік не можа дапамагчы ў іх вызначэнні;
- Занатаванымі
пад дакладна акрэсленай назвай былі толькі найбольшыя па колькасці ўдзельнікаў
і стратаў сутыкненні, акцыі самых
вядомых кіраўнікоў атрадаў, а таксама самыя значныя для самога паўстання;
- Праблема
з храналогіяй. Толькі значныя, важнейшыя сутыкненні могуць быць дакладна
прывязаныя да даты і часу дня. Для павелічэння хаўсу ў гэтым пытанні пэўную
ролю згуляла розніца паміж лацінскім і грэцкім календарамі, абодва з якіх
ужываліся пры запісванні здарэнняў.
Да таго ж, напрыклад,
адну з самых вядомых у літаратуры бітваў (дзякуючы Элізе Ажэшцы) пад Мінявічамі
і Багатырэвічамі, на месцы якой стаіць крыж-помнік 40 паўстанцам той жа С.
Зеліньскі не згадвае як і шэраг іншых аўтараў, якія даследвалі паўстанне па
“свежых слядах”.
Прыклад другі: Страты.
1)
Вайсковыя. Дакладнае вызначэнне колькасці забітых і параненых у
баявых сутычках фактычна немагчыма, паколькі кожны з варожых бакоў завышаў
страты праціўніка і заніжаў свае.
Варта
мець на ўвазе і тое, што польскія крыніцы ў асноўным прыводзяць страты з ліку
шляхецкага саслоўя, паколькі інфармаванасць аўтараў, саміх выхадцаў з ліку
шляхты, у гэтым плане вышэйшая. З мяшчанамі і, асабліва, сялянамі
сітуацыя значна горшая, многія прозвішчы і імёны якіх зніклі разам з палеглымі
ў баях.
Сёння
самай значнай на тэрыторыі Беларусі лічыцца Мілавідская бітва, якая адбылася 3
чэрвеня (22 мая па ст.ст.) 1863 г. пры ўдзеле каля 800 паўстанцаў і прыкладна
такой жа колькасці расейскіх войскаў. У ёй паўстанцы згубілі (палоннымі, параненымі
і забітымі) 18 чалавек, а расейцы – 50. Гэтыя дадзеныя атрыманыя за кошт параўнання
крыніц, створаных варожымі бакамі, у якіх, лічыцца, свае страты яны пазначалі
больш-меньш дакладна.
Каб
паказаць, якім чынам гэта робіцца, звернемся да саміх крыніц. Згодна
І.Арамовічу, “У бітве, названай Мілавідскай,... нашыя страцілі 18, а маскалі
240 забітых - пераважна ўласнай карцеччу”[4]. Лічбу страчаных
паўстанцаў паўтарае і С. Зеліньскі. У той жа час колькасць забітых расейцаў
“больш 200 (?)”[5]
ён падае з пытальнікам як пазнаку сумневу ў яе дакладнасці. Што датычыць
расейскіх дадзеных, то адразу пасля Мілавідскай бітвы ў рапарце кіраўніка
горада Слоніма палкоўніка Клавера былі пазначаныя 10 забітых, параненых 38
шэраговых салдат і 1 обер-афіцэр №5 батарэі прапаршчык Бранеўскі. Таксама
адзначана, што былі захопленыя 2 паўстанцы, адзін з якіх паранены[6].
Некалькі іншая лічба расейскіх стратаў прыведзеная ў рапарце камандзіра батарэі № 6 ад
26 мая (па ст.ст.) 1863 г.: забіта 9 чалавек і паранена 40[7], у дадатак яшчэ адзін
салдат, які лічыўся бяз вестак страчаным, быў знойдзены параненым у паўстанцкім
лагеры). Пра страты паўстанцаў тут гаворыцца наступнае: 2 патрапілі ў палон
падчас бітвы, 9 забітых знойдзены побач з шашою каля паўстанцкага лагера, дзе і
пахаваныя, яшчэ 5 цяжка параненых былі знойдзеныя ў самім лагеры. Вялікім
пытаннем з’яўляецца наступны сказ: “…Остальные убитые инсургенты
оставлены на месте и засыпаны или затоплены в ямах самими мятежниками, поэтому
и число их определить нельзя»[8]. У той жа момант для
абгрунтавання адступлення расейскіх войскаў падчас бітвы значна завышаная колькасць
паўстанцаў, якія прымалі ўдзел у бітве: “от 2-3000”[9].
2) Пакараныя.
Ліст з гісторыі паўстання А. Гіллера |
Пасля
паразы паўстання назіралася тэндэнцыя павелічэння колькасці яго ўдзельнікаў,
забітых па загаду расейскіх уладаў. Агатон Гіллер сваю чатырохтомную гісторыю,
першы том якой пабачыў свет у Парыжы ў 1867 г., прысвяціў памяці і ўшанаванню
1500 растраляных і павешаных Масквою патрыётаў. Аднак гэтая лічба значна
завышаная. Яна тым больш выглядае дзіўна, паколькі Гілер павінен быў ведаць
надрукаваную яшчэ ў 1865 г. у Львове кніжку Іпаліта Ступніцкага “Спіс забітых і
памерлых у 1863/4 г.”[10],
дзе пералічаны вядомыя на той час загінулыя паўстанцы, колькасць якіх – 1095.
Прычым, асноўная іх колькасць загінула ў выніку атрыманых раненняў і сутычках з
расейскімі войскамі, а не пакарання. На сённяшні дзень лічыцца, што на
тэрыторыі Беларусі былі пакараныя 128 чалавек, аднак гэта лічба выглядае значна
меньшай, калі браць пад увагу: 1) кнігу Вацлава Студніцкага[11],
у якой усяго ўзгадваюцца (разам са спасылкамі на архіўныя матэрыялы) пакараныя 189
чалавек з Літвы і Беларусі і 2) тэрыторыю сучаснай Беларусі (без перададзеных
Сталіным Беласточчыны палякам і Віленшчыны літоўцам). Гэтай тэме будзе
прысвечаны адзін з наступных запісаў.
Прыклад трэці: Колькасць
удзельнікаў.
Згодна
рэдактару польскага гістарычнага часопіса “Mówią
wieki”, Войцеху Кальвату, праз паўстанцкія шэрагі прайшло
каля 200 тысяч жаўнераў, “хоць у полі ніколі не было іх больш, чым 30 тысяч”[12]. У
гэтую колькасць не ўключаныя ўдзельнікі канспіратыўных паўстанцкіх арганізацый
і спачуваючыя, вялікая колькасць якіх таксама за падрымку паўстанцаў і спагаду
былі сасланыя (пра сумневы наконт дакладнасці лічбы сасланых з тэрыторыі
Беларусі я пісаў раней). Аднак ёсць шэраг момантаў, якія неабходна ўлічваць:
- У
1861-1864 гг. на тэрыторыі былой Рэчы Паспалітай асабліва была папулярная мода
на дэманстратыўную апазіцыйнасць расейскім уладам. Але як удзельнікі
канспіратыўнага, так і паўстанцкага руху адзначалі, што больш гаварылася пра
супрацьстаянне, чым ажыццяўляліся рэальныя дзеянні.
- Расейскія
ўлады пад кіраўніцтвам Берга і Мураўёва разгарнулі палітыку рэпрэсій, ахвярамі
якой станавіліся не толькі “вінаватыя”, але і людзі, не маючыя дачынення да
паўстання. Прычым многія з іх не толькі былі сасланыя, але некалькі такіх чалавек
(згодна С. Студніцкаму) пакаралі смерцю. Паказальнікам гэтага з’яўляюцца словы
Мураўёва: “Вельмі часта саджаю іх без найменшай віны, нават падазрэння няма,
ану ў такім выпадку я заўжды вырашаю: няхай пасядзіць трохі даўжэй пад замком,
быць можа, што-кольвек [на яго] знойдзецца. І што ж Вы думаеце! Быў так
шчаслівы, што заўсёды нешта на рахунак майго самотніка (майго, значыцца,
арыштанта) знаходзілася. Ну, тады падавай мне яго сюды!”[13].
- Нягледзячы
на дадзеныя аб колькасці паўстанцаў, якія падаюцца ў гістарычнай літаратуры,
існуе патрэба ў складанні дакладных спісаў удзельнікаў партызанскіх атрадаў.
Пакуль такая праца не будзе завершана, пра лічбу партызанаў-паўстанцаў можна
гаварыць толькі прыблізна.
Прыклад чацвёрты. Сацыяльны склад удзельнікаў.
Аўтары першых працаў
пасляпаўстанцкай хвалі малявалі 1863 год як справу выключна шляхты і ксяндзоў.
Роля мяшчанства і сялянства ў ім прыніжалася і падкрэсліваўся іх удзел у
змаганні супраць паўстання на баку расейскіх уладаў. Прозвішчы ж прыхільнікаў
шырокай працы ў сялянскім асяродку, як, напрыклад, К. Каліноўскі, траплялі на старонкі гістарычных кніг і ўспамінаў як паказальнік празмернага
радыкалізму “чырвонай” паўстанцкай плыні і іх імкнення да “сацыяльнага
перавароту” (адпаведна як палітычныя праціўнікі “белых”; “белыя” непараўнальна
больш напісалі пра паўстанне, і, адпаведна, на іх дадзеныя мы вымушаныя
абапірацца). У беларускай гістарычнай навуцы ХХ ст. назіралася гайданне як ад
абвяшчэння паўстання “сялянскім”, так і адваротная тэндэнцыя – заніжэння іх
удзелу ў паўстанні, або, у стылі ХІХ ст., падкрэсліванне іх дапамогі царскім
уладам. Што ж мы маем на сёння?
Польскі гісторык Веслаў
Кабан адзначае, што ў другой фазе паўстання – з лета 1863 года да моманту яго
задушэння ў сакавіку 1864 года – вяскоўцы складалі каля 55 % усіх удзельнікаў
атрадаў[14].
Да такіх падлікаў ён прыйшоў нападставе аналізу лістоў сялян, сасланых у Сібір.
У нашай гістарычнай
навуцы прынятыя за аснову статыстычныя дадзеныя, атрыманыя Сусаннай Самбук. Згодна
яе падлікам, у паўстанцкіх атрадах на Беларусі 75% удзельнікаў паходзілі з ліку
шляхты, сялян налічвалася толькі 18%. Прычым, з усіх сялянаў, што ўдзельнічалі
ў паўстанні на тэрыторыі сучаснай Беларусі, больш за 33 % прыходзіліся на
Гарадзеншчыну, 27 % на беларускія паветы Віленскай губерні, 20 % на Мінскую, 13
% на Магілёўскую, 7 % на Віцебскую[15].
Аднак,
на маю думку, сярод паўстанцаў тых жа сялян было больш, чым падае С. Самбук,
якая карысталася расейскай дакументацыяй. І вось чаму:
- Расейскія
ваенна-следчыя камісіі кіраваліся правіламі з царскага цыркуляру ад 23 мая 1863
года, згодна якім вышэйшыя пакаранні прызначаліся для прывілеяваных слаёў: памешчыкаў,
купцоў, чыноўнікаў, ксяндзоў, лекараў і настаўнікаў. Сяляне, аднадворная шляхта
і непаўнагадовыя вучні, пры ўмове таго, што на судзе гаварылі пра прымус іх да
ўдзелу ў паўстанні і паказвалі пакаянне ў сваіх учынках, вызваляліся ад прысуду
або, у горшым выпадку, падпадалі пад паліцэйскі нагляд. Прысуд атрымоўвалі
толькі тыя сяляне, якія змагаліся да канца са зброяю ў руках або самі
падбухторвалі іншых да ўдзелу ў паўстанні.
- У
атрадах, якія дзейнічалі на тэрыторыі Беларусі і ўзначальваліся буйнымі
памешчыкамі, удзел сялянаў штучна абмяжоўваўся і выклікаў непакой. Да таго ж,
паколькі адной з важнейшых праблемаў паўстанцаў было ўзбраенне, то ў свае
шэрагі на другім этапе паўстання яны ўключалі ў асноўным тых, хто меў зброю. Ад
бяззбройных ці ўзброеных косамі сялянаў прыходзілася адмаўляцца.
- Статыстычныя
дадзеныя сацыяльнага складу ўдзельнікаў вельмі спрошчана адлюстраваць
рэчаіснасць і не могуць паказаць сітуацыю ў кожным з дзеючых атрадаў. Так,
напрыклад, у патрапіўшым у палон атрадзе Адама Пуслоўскага, сялян было 12[16] з
29 (або амаль 41,4 %). І гэта дадзеныя да пачатку “фальсіфікавання” ўдзелу
сялян у паўстанні з боку афіцыйных уладаў з канца мая 1863 г.
Такім
чынам, мы бачым, што лічбы не з’яўляюцца догмаю, а статыстыка паўстання
патрабуе верыфікацыі. Гэтымі прыкладамі я паказаў, што існуе магчымасць і
неабходнасць далейшага росту навуковых ведаў у вывучэнні паўстання 1863-1864
гг. Аб шэрагу з маючых месца праблемах я працягну сваю гаворку ў наступных запісах.
[3] Józef Białynia Chołodecki, Pamiętnik powstania styczniowego w pięćdziesiątą
rocznicę wypadków. – Lwów, 1913. – s. 56.
[4] Арамовіч Ігнат,
Мары. Успаміны аб партызанскім руху ў Гродзенскім ваяводзтве ў 1863 і 1864 гг.
// Arche. – 2010. - № 11 (99). – с. 32.
[6] Рапорт начальника гор. Слонима за № 955
начальнику штаба войск Виленского Военного Округа о поражении мятежников в
Миловидских лесах // Архивные материалы Муравьевского музея, относящиеся к
польскому восстанию 1863-1864 гг. в пределах Северо-Западного края.Часть 2.
Переписка о военных действиях с 10-го января 1863 года по 7-е января 1864 года.
– Вильна, 1915. – с. 186.
[7] Копия с рапорта командира № 6 батареи от 26 мая 1863 г.
за № 619 командиру 3 Артиллерийской бригады, о стычках у дер. Миловиды // Архивные материалы Муравьевского музея, относящиеся к
польскому восстанию 1863-1864 гг. в пределах Северо-Западного края.Часть 2.
Переписка о военных действиях с 10-го января 1863 года по 7-е января 1864 года.
– Вильна, 1915. – с. 191.
[15] Гісторыя Беларускай
ССР. – Мн., 1972. – С. 59.
Комментарии
Отправить комментарий