13
лютага 1945 г. савецкія войскі вызвалілі сталіцу Венгрыі Будапешт ад
нямецка-фашысцкіх войскаў. Наступнай на чарзе павінна была стаць сталіца
Аўстрыі Вена, захоп якой уяўляю прамую пагрозу паўднёвым раёнах Германіі. Да
таго ж у Заходняй Венгрыі і ў Аўстрыі знаходзіліся апошнія, даступныя ў гэты
час для "трэцяга рэйха", раёны здабычы нафты і нафтаачышчальныя
заводы, у прадукцыі якіх вялікую патрэбу мелі германскія танкавыя злучэнні і
авіяцыя.
Усё
гэта абумовіла рашэнне нямецка-фашысцкага камандавання нанесці магутныя
контрудары з плацдармаў, якія знаходзіліся на захад ад Дуная. З гэтай мэтай у
Заходняй Венгрыі была сканцэнтравана буйная групоўка праціўніка, узмоцненая за
кошт перакідвання з Заходняга фронту 6-й танкавай арміі СС пад камандаваннем
генерала Зэпа Дзітрыха і шэрагам іншых частак. Да пачатку сакавіка ў яе складзе
налічвалася 31 дывізія, у тым ліку 11 танкавых, 5 баявых груп і адна матарызаваная
брыгада. У сукупнасці гэтая групоўка мела звыш 430 тысяч салдат і афіцэраў,
больш 5600 гармат і мінамётаў, каля 900 танкаў і 850 самалётаў.
Задума
германскага Генштаба прадугледжвала разгром 3-га Украінскага фронту. Менавіта
супраць яго былі накіраваны асноўныя сілы групы армій "Поўдзень".
Галоўны ўдар, згодна з планам, наносіўся з раёна паміж азёрамі Веленце і
Балатон з мэтай рассячэння 3-га Украінскага фронту і выхаду да Дуная. Пасля
гэтага наступаючыя часткі павінны былі развіваць поспех далей на поўнач і
авалодаць Будапештам, а частка іх – павярнуць на поўдзень. Дапаможныя ўдары наносіліся
на поўдзень ад возера Балатон і войскамі групы армій "Е" з паўднёвага
берага ракі Дравы. У выпадку рэалізацыі гэтага плана фашысты разлічвалі
стабілізаваць фронт па заходнім беразе Дуная і перакінуць вызваленыя сілы, перш
за ўсё танкавыя дывізіі, пад Берлін. Дадзеная аперацыя атрымала назву
«Абуджэнне вясны», а ў савецкай гістарыяграфіі - Балатонская абарончая аперацыя.
Аднак
пра задумы суперніка стала вядома савецкаму камандаванню, якое распачало меры
для ўзмацнення 3-га Украінскага фронту пад кіраўніцтвам маршала Талбухіна.
Фёдар Іванавіч распачаў службу ў царскай арміі, дзе даслужыўся да
штабс-капітана і быў узнагароджаны двума ордэнамі - Ганны і Станіслава. З ліпеня
1942 камандаваў 57-й арміяй, якая, баронячы паўднёвыя подступы да Сталінграда,
не прапусціла 4-ю танкавую армію вермахта да горада, а затым ўдзельнічала ў
раздзяленні і знішчэнні акружанай на Волзе варожай групоўкі.
3-му
Украінскаму фронту былі перададзеныя 27-я армія са складу 2-га Украінскага
фронту і некаторыя часткі рэзерву. У пачатку сакавіка, гэта значыць перад вырашальнымі
падзеямі, у распараджэнні Талбухіна знаходзіліся 400 тысяч чалавек, каля 7
тысяч гармат і мінамётаў, 400 танкаў і самаходных гармат, каля 1 тысячы
самалётаў. Іншымі словамі, супернік меў нязначную перавагу ў жывой сіле і
падвойную перавагу ў танках. Але савецкія войскі рыхтаваліся сустрэць
непрыяцеля на падрыхтаваных рубяжах абароны.
Аператыўна
абарона 3-га Украінскага фронту была пабудавана ў два эшалоны. У першым
размяшчаліся 4-я гв. (генерал Захараў), 26-я (генерал Гаген), 57-я (генерал
Шарохін) і 1-я балгарская (генерал Стойчэў) арміі, а ў другім - 27-я армія.
Усяго да 5 сакавіка, калі чакаўся пачатак нямецкага наступу, у складзе фронту
было засяроджана 5535 гармат і мінамётаў. Танкавых войскаў для арганізацыі
абароны ў складзе фронту не прадугледжвалася, і адзінымі танкавымі злучэннямі
тут былі 1-ы гвардзейскі мехкорпус, два танкавых корпуса (18-ы і 23-і) і 5-ы
гвардзейскі кавалерыйскі корпус [1; с. 59].
Схема арганізацыі супрацьтанкавай абароны стралковай дывізіяй |
20
лютага загадам камандуючага фронтам пачалася разбудова абарончых умацаванняў і супрацьтанкавых
апорных пунктаў на найбольш верагодных напрамках нямецкага наступу. Былі
падрыхтаваныя тры вайсковыя абарончыя паласы, дзве-тры франтавыя абарончыя
мяжы, а таксама вялікая колькасць прамежкавых і адсякальных пазіцый. Тактычная
зона абароны складалася з двух палос глыбінёй 10-15 км. Па свайму інжынернаму
забеспячэнню і насычанасці супрацьтанкавымі сродкамі абарона 3-га Украінскага
фронту параўноўвалася з той, што стварылі савецкія войскі на Курскім выступе,
але была, вядома, прыкметна слабей [1; с. 60].
Пры
падрыхтоўцы абароны вялікая ўвага надавалася інжынернаму забеспячэнню супрацьтанкавых
межаў. Да 5 сакавіка на кожным кіламетры фронту абароны было ўсталявана каля
700-750 процітанкавых і 600-690 супрацьпяхотных мін і фугасаў. Для стварэння
мінных палёў падчас бою (так званага "нахабнага мініравання")
арганізоўваліся рухомыя атрады-загароды ў складзе інжынерна-штурмавых рот,
узводаў аўтаматчыкаў і падраздзяленняў ПТР на трафейных бронетранспарцёрах.
Танкавыя
падраздзяленні знаходзіліся ў франтавым рэзерве і былі сканцэнтраваны наступным
чынам: 23-і тк - у раёне Ловашверэнь, 18-і тк у раёне Адоні, Шарашд, 1-ы гв.
мехкорпус - у раёне Дунафельдвар, Карачоні і 5-ы гв. кавкорпус - у раёне Алап,
Шымопторыніа, Піпцэхель. Іх меркавалася выкарыстоўваць у якасці рухомых супрацьтанкавых
рэзерваў для актывізацыі абароны на галоўных кірунках.
Улічваючы
добрую вывучку нямецкай 6-й танкавай арміі СС, а таксама яе добрае забеспячэнне
цяжкімі танкамі і САУ, агонь па наступаючым войскам дазвалялася адкрываць: для
танкаў з дыстанцыі не далей 600-800 м, для сярэдніх і цяжкіх САУ - з 1000-1300
м, для лёгкіх САУ - з 200-500 м [1; с. 61].
Нямецкі
наступ пачаўся 6 сакавіка 1945 года адначасова ў трох месцах. Галоўны ўдар
наносіўся ў раёне паміж азёрамі Балатон і Веленце ў кірунку Адоньеў. Тут была
сканцэнтравана вялікая частка нямецкіх танкаў і САУ васьмі танкавых (1-я
"Лейб-штапдарт А.Гитлер", 2-я "Дас Рэйх", 9-я
"Хохенштаўфэн", 12-я "Гітлер’югенд" з 6-й танкавай арміі СС
і 1-я, 3-я, 6-я і 23-я) і трох пяхотных дывізій. Наступ падтрымлівалі таксама
дзве кавалерыйскія брыгады і дзевяць артылерыйскіх палкоў. 4-ы танкавы корпус
СС у складзе 3-й ("Тотэнкопф") і 5-й ("Вікінг") танкавых
дывізій СС і 2-й венгерскай танкавай дывізіі забяспечваў левы фланг групоўкі, знаходзячыся
ў абароне. Другая групоўка, якая складалася з частак 2-й танкавай арміі (генерал
Дэ Ангелис), наносіла ўдар уздоўж чыгункі на Домбавар у паласе абароны 57-й
арміі, а трэцяя ў складзе трох пяхотных дывізій наступала з паўднёвага берага
р. Драва на Печ, дзе абаранялася 1-я балгарская армія.
З
самага пачатку наступлення ў "междвазёрным калідоры" разгарнуліся
цяжкія баі. 1-я і 12-я танкавыя дывізіі СС, засяродзіўшы на вузкім участку
фронту вялікую колькасць танкаў (па данясенні пяхотнага камандавання - да 600
танкаў, хоць гэта колькасць відавочна завышаная), пачалі хутка прасоўвацца
ўздоўж канала Шарвіз. 23-я танкавая і 356-я пяхотная дывізіі рваліся праз
савецкую абарону па тым беразе канала - у раёне Шаркерэ-стур, Шарашд. Уздоўж
узбярэжжа возера Балатон прасоўваліся венгерскія пяхотныя часткі, падтрыманыя
двума танкавымі батальёнамі 23-й тд. Уздоўж берага возера Веленце (на правым
флангу 26-й арміі) дзейнічалі 5-я танкавая дывізія СС, часткі 6-й танкавай
дывізіі і першы полк 3-й танкавай дывізіі [1; с. 63].
Разлік СУ-76 загружае баяпрыпасы |
Сярэдняя
шчыльнасць танкаў і САУ у наступленні складала ад 15 бронеадзінак на 1 км
фронту на дапаможных напрамках і даходзіла да 26 на галоўных. Але, нягледзячы
на такую высокую шчыльнасць баявой тэхнікі, з першых хвілін рух наступлення не
адпавядаў чаканням нямецкага вайсковага кіраўніцтва.
Максімальнае
прасоўванне нямецкіх войскаў на працягу 7 сакавіка склала ўсяго 2-5 км. Страты
ў танках былі такімі, што 8 сакавіка немцам прыйшлося ўвесці ў паласе абароны
26-й арміі ў бой свае рэзервы (2-ю і 9-ю танкавыя дывізіі СС). Аднак нават такі
радыкальны крок не прывёў да поспеху.
Як
толькі наступіла лётнае надвор'е, нямецкія лётчыкі сталі атакаваць савецкія
лініі забеспячэння. Для забеспячэння часткі 3-га Украінскага фронту праз Дунай
была пабудавана канатная дарога. Да гэтага моманту амаль усе масты былі
разбураны падчас баёў, а з-за распачатага крыгаходу перавозка пры дапамозе
рачных судоў была вельмі рызыкоўнай. У тыя дні над Дунаем разгарнуліся
паветраныя баталіі. Зрэшты, афіцыйная савецкая гістарыяграфія замоўчвала
нямецкую перавагу і поспехі ў гэтых баях. А галоўнай прычынай разбурэння васьмі
пантонны мост, кожны з якіх меў прапускную здольнасць ад 10 да 60 тон,
называўся крыгаход. Так ці інакш, але па канатнай дарозе штодня на заходні
бераг Дуная перапраўлялі каля 1200 тон грузаў. У першую чаргу гэта былі
боепрыпасы. Гаручае жа перавжна перапраўлялі па нейкаму падабенству
трубаправода.
На
другі дзень нямецкага наступу савецкая абарона не толькі не аслабела, але стала
яшчэ мацнейшай. Паўсюдна часткі Чырвонай Арміі пераходзілі ў больш-менш
паспяховыя контратакі. Нярэдка чырвонаармейцаў падтрымлівалі танкі. Немцы
пісалі з гэтай нагоды: «Другі дзень наступлення, уласна, як і першы, быў цяжкім
для пяхоты. Снегапады і адліга змяняюцца нядоўгімі маразамі, як нельга лепш падыходзілі
для абароны, але зусім не садзейнічалі нашаму наступу »[1; с. 274].
У
другой палове дня 8 сакавіка стварылася небяспечнае становішча для савецкіх
войскаў на ўсходнім беразе канала Шарвіз, у паласе абароны 63-й кавалерыйскай
дывізіі. Апынуўшыся пад засяроджанымі ўдарамі нямецкіх танкаў, дывізія панесла
вялікія страты, і фронт апынуўся на мяжы прарыву. Для прадухілення далейшага
прасоўвання нямецкіх войскаў на дадзены кірунак былі вылучаныя дадатковыя сілы,
падтрыманыя вялікай колькасцю штурмавой авіяцыі. Батарэі 1068-га САП,
выставіўшы засады па падрыхтаваным рубяжы абароны ў раёне Надзь - Херчэк і
заходней, сумесна з артылерыстамі 236-й стралковай дывізіі знішчылі раптоўным
агнём 10 нямецкіх танкаў і рассеялі да батальёна пяхоты. У гэты час батарэі 1922-га
САП сустрэлі прарвалыя войскі агнём з фронту, а 60-ы танкавы полк і падыйшоўшы
1896-і САП 5-га гв. кавкорпуса дзейнічалі ў засадах на ўсход ад групоўкі. Такім
чынам, нямецкія танкі, якія даволі паспяхова дзейнічалі на вастрыі наступлення,
апынуліся ў сектары абстрэлу, акружаныя з трох бакоў, і спынілі свой наступ,
спрабуючы адысці на зыходныя пазіцыі [1; с. 68].
У
гэты дзень камандзір гарматы 239-га асобнага знішчальнага супрацьтанкавага
дывізіёна 113-й стралковай дывізіі 3-га Украінскага фронту малодшы сяржант І.Я
Нялюбін падарваў танк праціўніка і загінуў смерцю героя [7; с. 703].
9
сакавіка савецкія войскі, якія мелі значныя страты ў час папярэдніх баёў,
ажыццявілі перагрупоўку сіл з тым, каб засяродзіць артылерыю і
самаходна-артылерыйскія ўстаноўкі на найбольш пагражальных участках.
Складанасць становішча заключалася ў тым, што ўсе вайсковыя і франтавыя рэзервы
былі выдаткаваныя, а выкарыстоўваць войскі 9-й арміі Стаўка не дазволіла.
Але
і нямецкія войскі ўжо не мелі тых сілаў, з якімі яны пачалі наступ тры дні
таму. Баі на ўсіх участках былі жорсткімі, але нямецкім войскам не ўдавалася ўклініцца
ў савецкую абарону на ўсіх асноўных накірунках.
Незвычайны
гераізм праявілі ў тыя дні ваяры батарэі 652-га артылерыйскага палка капітана Голуба.
9 сакавіка батарэя спаліла два варожыя танкі і знішчыла да 80 фашыстаў. У
наступныя два дні было спалена яшчэ 4 танкі і знішчана больш за 200
гітлераўцаў. З жменькай байцоў, што засталіся ў жывых адважны афіцэр 11 сакавіка
адбіў некалькі варожых нападаў і не прапусціў танкі праціўніка. Пасля другога
ранення капітан Голуб загінуў. Яму пасмяротна прысвоена званне Героя Савецкага
Саюза.
Бесперапынныя
ўдары па танкавых дывізіях праціўніка наносілі лётчыкі 17-й паветранай арміі,
якія ўзаемадзейнічалі з 5-й паветранай арміяй. Камандзір звяна Макараў атрымаў званне
Героя Савецкага Саюза, а камандзір эскадрыллі капітан Калдуноў стаў двойчы
Героем Савецкага Саюза [3; с. 371].
10
сакавіка, перагрупаваўшы сілы і выкарыстаўшы апошнія рэзервы (незадзейнічаныя
падраздзяленні 1-й і 3-й танкавых дывізій), немцы паспрабавалі здзейсніць
прарыў на вузкім участку правага флангу савецкай абароны. Аднак да гэтага
моманту сюды ж прыбылі рэзервы, дзякуючы чаму шчыльнасць савецкай артылерыі
дасягнула 49 гармат і мінамётаў на 1 км фронту. Прарваць такія баявыя парадкі
аказалася немагчыма. Савецкія войскі адышлі на некаторых участках на 1-7 км,
але захавалі за сабой стратэгічную ініцыятыву.
Асабліва
вызначыліся ў гэтых баях 1951-ы і 1953-ы САП 209-ая сабра, якія здолелі
арганізаваць добрае ўзаемадзеянне з пяхотай, супрацьтанкавай і дывізіённай
артылерыяй. Так, арт. лейтэнант Качарга (камандзір батарэі СУ-100), мал. лейтэнант
Варажбіцкі і мал. лейтэнант Самарын знішчылі на працягу дня па тры танкі і
штурмавыя гарматы. А СУ-100 пад камандаваннем капітана Васільева (1952-ы САП)
знішчыла падчас аднаго бою тры танкі "Тыгр II". Усяго на працягу дня
немцы страцілі, па справаздачы фронту, 81 танкаў і штурмавыя гармат, 36 гармат
і мінамётаў, 25 бронетранспарцёраў і бронемашын, 21 самалёт і да 3500 чал.
забітымі.
Падчас
баёў 11-12 сакавіка немцы спрабавалі перанесці свае ўдары на пазіцыі савецкіх
танкаў і артылерыі на начны час. Але калі начныя напады панцэргрэнадзёраў,
узмоцненыя тракамі танкаў, на пазіцыі супрацьтанкавай артылерыі, якая стаяла
месцамі без пяхотнага прыкрыцця, часам атрымоўваліся, то ў большасці іншых
выпадкаў гэтыя атакі не прыводзілі да колькі-небудзь прыкметнага выніку [1; с.
70].
14
сакавіка стала апошнім днём, калі нямецкія войскі спрабавалі прарвацца ўздоўж
берага возера Веленце. Да гэтага моманту тут разгарнуліся падраздзяленні 23-га танкавага
корпуса (танкі Т-34/76, Т-34/85 і полк СУ-76), падтрыманыя сабра (СУ-100), якія
апынуліся на самым вастрыі нямецкага ўдару і раптам контратакавалі наступаючых у
фронт і з флангаў. Наступ захлынуўся, а месцамі нямецкія войскі пад ударамі 23-га
тк адкаціліся назад на 1-3 км. Аднак 23-ці тк таксама панёс вялікія страты,
таму што контратакі праводзіліся няўзгоднена і без належнай выведкі. Тым не
менш корпус замацаваўся на дасягнутых рубяжах і адбіў усе атакі нямецкай
пяхоты.
Наступ
у паласе абароны 57-й арміі таксама развіваўся няўдала для нямецкіх войскаў.
Нягледзячы на тое, што гэтая армія не мела гэткай магутнай супрацьтанкавай
абароны, як 26-я (шчыльнасць савецкай артылерыі тут складала каля 13,6-14,5
гармат і мінамётаў на 1 км фронту), дзеянні абаронцаў тут былі больш
эфектыўнымі па прычыне лепшай працы разведвальных падраздзяленняў. Быў адгаданы
не толькі дакладны кірунак наступу, але правільна ацэненыя сілы наступаючых і
памеры іх рэзерваў [1; с. 73]. Пасля няўдачы пад Сабашы і Кіш-Баям нямецкае
камандаванне распачало спробу прарвацца трохі паўночней, у раёне Марцалі. Для
гэтага яно перакінула на дадзены ўчастак 16-ю панцэргрэнадзёрскую дывізію СС
"Рейхсфюрэр" і 261-ю брыгаду штурмавых гармат. У ноч на 14 сакавіка
засяроджаныя для наступу сілы правялі выведку боем з Марцалі на ўсход, а на
досвітку пачалі наступ. Начны бой дазволіў штабу арміі разгадаць намеры
нямецкага камандавання, і таму раніцай 14 сакавіка 63-й гв. ск быў узмоцнены супрацьтанкавымі
рэзервамі (у тым ліку самаходнай артылерыяй), якія занялі пазіцыі ў Нікла.
Гэтыя сілы ўтварылі у Нікла "агнявы мяшок", у які трапілі перадавыя
падраздзяленні 16-й панцэргрэнадзёрскай дывізіі СС [1; с. 79].
Рэзервы 27-й арміі наркіроўваюцца на перадавую (сакавік 1945 г.) |
На
паўднёвым участку фронта, у г. Осіек, войскі групы армій "Е" генерала
Лера, фарсіраваўшы р. Драва, 6 сакавіка 1945 г. нанеслі два ўдары па пазіцыях
саюзнікаў савецкіх войскаў. Першы ўдар з раёна Доні-Міхаляц прыйшоўся па
частках 1-й балгарскай арміі (генерал Стойчаў), а другі - з раёна Валнова - па
падраздзяленням 3-й югаслаўскай арміі (генерал Надж). Немцам удалося захапіць
плацдармы на левым беразе Дравы, пашырыўшы іх затым да 8 км па фронце і да 5 км
у глыбіню. Савецкае камандаванне для ўзмацнення абароны перакінула на дадзены
кірунак з-пад Дунафельдвара 133-і стралковы корпус, узмоцнены артылерыяй.
Магутны артылерыйскі агонь і ўдары штурмавой авіяцыі 17-й паветранай арміі не
дазвалялі наступаючым перакінуць на плацдармы дастатковую колькасць войскаў і
танкаў, каб зламаць абарончыя рубяжы. Усе намаганні немцаў прасунуцца наперад
на гэтым участку фронта не прывялі да поспеху, хоць асобныя спробы актывізацыі
германскіх войскаў адзначаліся аж да 26 сакавіка.
Заслугоўвае
ўвагі, што ў склад 1-й балгарскай арміі ўваходзілі танкавы батальён палкоўніка
Гюмбабава, узброены нямецкімі танкамі Pz. IV (25 адзінак), і батарэя штурмавых
гармат StuG 40. Падчас баявых аперацый страты гэтых падраздзяленняў папаўняліся
за кошт трафейнай тэхнікі, у прыватнасці, балгарам дастаўся спраўны знішчальнік
танкаў Panzer IV/70.
Пакуль
ішлі абарончыя баі на цэнтральным участку фронта і на яго левым фланзе, на
ўчастку Замаль - Секешфехервар, Стаўка пачала засяроджванне магутных рэзерваў
для правядзення наступу на Вену. 16 сакавіка ядро савецкай наступальнай
групоўкі - 9-я гвардзейская армія - пры падтрымцы двух мехкарпусоў 2-га Украінскага
фронту пачала наступ на поўнач ад Секешфехервар, ахопліваючы нямецкія войскі,
звязаныя баямі паміж азёрамі Балатон і Веленце. Працяг нямецкага наступу страціў
усялякі сэнс, і пад пагрозай акружэння 6-я танкавая армія пачала адводзіць свае
сілы да лініі Веспрэм - Тата - Таркань.
Гітлер
быў страшна раззлаваны канчатковым правалам контрнаступлення сваіх войскаў каля
возера Балатон. Асаблівы прыпадак шаленства выклікалі ў фюрэра адыходзячыя без
загаду цэлымі злучэннямі адборныя дывізіі СС. У асабістага складу чатырох танкавых
дывізій, якія ўваходзілі ў склад 6-й танкавай арміі СС, Гітлер загадаў сарваць
нарукаўныя стужкі з іх назвамі. Гэта былі дывізіі "Дас Рэйх",
"Тотенкопф", "Хохенштаўфэн" і нават асабістая ахоўная
самога фюрэра - "Лейбштандарт Адольф Гітлер". Зрэшты, камандуючы танкавай
арміі оберстгрупэнфюрэр СС Зеп Дзітрых паспрабаваў, мабыць, праігнараваць гэты
загад. А фюрэру ў адказ быў нібыта дасланы начны гаршчок з медалямі, перавязаны
стужкай штандарта СС "Гец фон Берліхінген" (намёк на эпізод з драмы
Гётэ, дзе жалезнарукі рыцар Готфрыд перадае пажаданне біскупу Бамбергскаму
пацалаваць яго, Геца, у ...). Рэакцыя Гітлера на гэтае пасланне невядомая [1;
с. 81].
У
тактычных адносінах нямецкія танкавыя сілы ў Балатонской аперацыі праявілі сябе
шмат слабей, чым у бітве пад Курскам. Дакладны разлік і манеўраванне на паперы,
якія мелі месца ў 1943 г., цяпер змяніліся тупавата-фанатычнымі спробамі
«абяззброення сцяны» савецкай абароны, што ва ўмовах бездарожжа і адсутнасці
панавання ў паветры было практычна немагчыма.
Ізноў,
як і ў бітве пад Курскам, асновай савецкай абароны была дывізіённая і супрацьтанкавая
артылерыя, ужыванне якой адбывалася ў вялізных памерах. Слабым месцам савецкай
супрацьтанкавай абароны традыцыйна з'язлася нізкая ўстойлівасць пяхотнага
прыкрыцця, якое часта не вытрымлівала нават першапачатковых удараў нямецкіх
танкаў і бязладна адыходзіла. Гэта было звязана хутчэй за ўсё з «наступальным»
настроем, які панаваў у свядомасці савецкіх салдат увесь 1944 г., калі войскі
адвыклі ад выгляду наступаючых нямецкіх войскаў, а таксама з тым, што значную
частку папаўнення 3-га Украінскага фронту складалі прызыўнікі з вызваленых
абласцей, так як фронт лічыўся неасноўным.
На пазіцыі 152-мм гаўбіца-гармата МЛ-20 (сакавік 1945 г.) |
Тактычна
савецкая супрацьтанкавая, дывізіённая і самаходная артылерыя праявілі сябе з
самага лепшага боку. Цвёрда ўкараніліся прыёмы вядзення агню з кароткай
адлегласці ў найбольш слабыя месцы танкаў і САУ - борт і карму. Гэта дасягалася
прымяненнем тактыкі «агнявых мяшкоў», якія ўтвараліся сіламі 3-х - 4-х батарэй.
Цікава
адзначыць таксама і тое, што суадносіны страт наступаючых да абаранонцаў склалі
больш за 10 разоў на карысць абаронцаў. Гэта было выклікана шэрагам прычын,
сярод якіх называліся вялікая канцэнтрацыя савецкай артылерыі, панаванне ў
паветры савецкай авіяцыі (больш за 6 палкоў штурмавой авіяцыі), а таксама
недастатковая баявая вывучка нямецкіх войскаў і не надта кампетэнтнае кіраванне
войскамі з боку нямецкага камандавання [6; с. 76].
Балатонская
аперацыя паслужыла пачаткам наступлення на Вену і з'явілася ўскоснай падставай
поспеху Вісла-Одэрскага наступу, а таксама пранікнення англа-амерыканскіх
саюзнікаў на тэрыторыю Германіі.
Літаратура:
1. Баранов О.,
Балатонская оборонительная операция. – Издательский центр «Экспринт», 2001.
2. Васильченко А. В., Последнее наступление
Гитлера. Разгром танковой элиты Рейха. – М.: Яуза-пресс, 2008.
3. Великая Отечественная война (1941-1945). Краткий
науч.-попул. Очерк. Изд. 2-е, доп. Под ред. Чл.-кор. АН СССР ген.-лейт. П. А.
Жилина. – М., Политиздат, 1973.
4. Лукницкий П. Н., Венгерский дневник (ноябрь 1944 –
апрель 1945). – М.: «Сов. Россия», 1973.
5. Мировая война: Взгляд побеждённых. 1939-1945 гг. – М.:
ООО «Издательство АСТ», 2003.
6.
Свирин М., Баранов О., Коломиец М., Недогонов Д., Бои у озера Балатон. - ЭксПринтНВ, 1999
7. СССР в Великой Отечественной войне 1941-1945 гг.
(Краткая хроника). – М.: Военное издательство Министерства Обороны Союза ССР,
1964.
8. Фуллер Дж., Вторая мировая война. –
Смоленск: Русич, 2004. – 544 с.
Комментарии
Отправить комментарий